На блогера Віктара Бугаёва завялі чарговую справу, хоць ён тры гады не жыве ў Беларусі
2- 13.11.2020, 10:49
- 19,447
Зараз Віктар Бугаёў знаходзіцца ў Польшчы.
Блогер Віктар Бугаёў тры гады чакаў палітычнага прытулку ў Швецыі, якая ў выніку яму адмовіла. Стваральніка каналаў «Усё аб Дуброўна» і «Хватит врать» улады пачалі пераследаваць за актыўную грамадскую дзейнасць. У верасні супраць яго пачалі новую крымінальную справу, перадае «Польская радыё».
Баючыся за бяспеку і жыццё Віктар Бугаёў выехаў у Швецыю, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Там ён працягваў дзейнасць праз сацыяльныя сеткі.
Нягледзячы на прадстаўленыя дакументы, якія пацвярджалі апазіцыйную і блогерскую дзейнасць, сабраныя гуказапісы пагрозаў з боку праваахоўных органаў, паручыцельствы лідараў беларускай апазіцыі і праваабаронцаў, у тым ліку старшыні праваабарончага цэнтру Вясна Алеся Бяляцкага, Швецыя адмовіла даць прытулак актывісту. Вярхоўны суд, куды адвакатам была пададзеная скарга, пакінуў яе без разгляду і права абскарджвання. Шведскі бок палічыў, што задакументаваная дзейнасць Віктара Бугаёва не азначае, што яго чакае пераслед у Беларусі.
За Бугаёва заступіліся спецдакладчыкі ААН, якія заўважылі парушэнні ў разглядзе яго справы шведскімі органамі. У гэтай справе прыняты адмысловы дакумент. 21 жніўня мужчыну выклікалі ў міграцыйную службу, пазбавілі жылля, выплат, дакументаў і перадалі справу ў службу, якая займаецца дэпартацыяй нелегалаў.
- Я пяць дзён жыў на вуліцы, я адчуваў рэальную пагрозу таго, што мяне выдадуць беларускім уладам, мне нічога не засталося і я ўцёк у Польшчу. Як раз у гэты час у Беларусі праходзілі паслявыбарчыя рэпрэсіі. Я задаў нават пытанне: Ці вы ведаеце, што цяпер адбываецца ў Беларусі? Мне сказалі, што так, але ёсць загад. Ужо калі я быў у Польшчы, у мяне дома 23 верасня быў праведзены вобшук, забралі кампутар і тэлефон, якія так і не вярнулі. Мая жонка Наталля Стрэльчанка з’яўляецца «кандыдатам пратэста» партыі «Народная грамада» Мікалая Статкевіча. Ёй сказалі, што супраць мяне ўзбуджана крымінальная справа за падазрэнне ў нібыта абразе мною ў сацсетках брэсцкіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Па словах Віктара справу вядзе следчы, які займаецца вядомым брэсцкім блогерам Пятрухіным.
Публікацыі Віктара Бугаёва ў сеціве маюць тысячы праглядаў, а некаторыя збіраюць і па 100-500 тысяч праглядаў. Старонка «Усё аб Дуброўна» неаднаразова раскрывала махінацыі мясцовых чыноўнікаў. Там шмат і іншых крытычных да ўладаў, не толькі мясцовых, публікацый. За гэта блогер перыядычна атрымліваў пагрозы. У 2019 годзе жонцы паведамілі, што супраць яго пачатая крымінальная справа па факце публікацыі пра інсталяцыю з негатыўным зместам (інсталяцыя з напісам «Выгнаць лукавага»).
Прыехаўшы ў Польшчу Бугаёў звярнуўся ў мясцовыя службы, якія займаюцца ўцекачамі, але ці будзе разглядацца справа Віктара ў Польшчы пакуль не вядома, бо згодна з Дублінскай канвенцыяй адказнасць за блогера нясуць шведскія службы. Ёсць пагроза, што ён будзе перададзены шведскім уладам, якія ў сваю чаргу дэпартуюць мужчыну ў Беларусь.
Віктар Бугаёў перакананы, што беларуская ўлада адпомсціць яму за дзейнасць:
-Напэўна мяне чакае здзек і катаванні. У справу замешана таксама шмат палітыкаў, якія за мяне хадайнічалі. Гэта Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Васіль Палякоў, Алесь Бяляцкі,. Дарэчы, шведскі бок не прыняў да ўвагі гэтыя дакументы. Іх сапраўднасць пацвердзіла ААН, якое адзначыла, што мяне ні ў якім выпадку нельга выдаваць. Я на 100 працэнтаў перакананы, што мяне будуць катаваць, тым больш, што пагрозы паступалі перыядычна. Яны і цяпер прыходзяць за маю рэальную працу ў сацсетках. Пасля апошняга вобшуку дома ў верасні я разумею, што іх мэтай таксама з’яўляецца жонка Наталля, яна ж «кандыдат пратэста». Калі я з’ехаў яны пераключыліся і на яе, затрымлівалі, Наталля прызнаная рэпрэсаванай асобай.
За Віктара Бугаёва заступіўся і шведскі праваабаронца Марцін Угла, эксперт па беларускім справам, які перакананы, што Бугаёва ні ў якім выпадку нельга выдаваць беларускім уладам:
- Так, мне вядомая гэта справа. Я сапраўды лічу, што Віктар мае дастатковыя падставы, каб атрымаць прытулак. Як мне здаецца, гэта тыповы прыклад таго, як дзейнічаюць рэпрэсіі на мясцовым узроўні ў Беларусі. Праблема тут у тым, што шведская міграцыйная служба не дастаткова разумее сітуацыю ў Беларусі. Таму існуе пэўная рызыка, што яго дэпартуюць, а гэта вяло б да рызыкі новых рэпрэсій з боку беларускай улады, у тым ліку рызыкі пазбаўлення волі.
Цяпер Віктар Бугаёў знаходзіцца ў Польшчы і разлічвае, што польскія міграцыйныя ўлады ўсё ж зоймуцца яго справай. Тым больш, што ў святле апошняга паслявыбарчага пераследу сітуацыя набірае дадатковай афарбоўкі. Пра гэта сведчыць ператрус дома ў актывіста 23 верасня.