Калега Рамана Бандарэнкі: Хлопцы з нашай роты ў шоку ад таго, што адбылося
42- 13.11.2020, 15:51
- 110,635
Спецназаўцы будуць памятаць свайго баявога таварыша.
Жыхар Баранавічаў Алег Стрэльчык, які калісьці служыў з Раманам Бандарэнкам у адной роце, распавёў Intex-press, якім яму запомніўся загінулы хлопец.
Жыхар Баранавічаў Алег Стрэльчык і загінулы мянчук Раман Бандарэнка пазнаёміліся ў 2014 годзе: абодва праходзілі тэрміновую службу ў «спецназе» (вайсковая частка 3214), служылі ў адной роце.
- Як Рома трапіў у спецназ, я, калі шчыра, не зусім добра памятаю. Але паводле адукацыі ён быў мастаком. Нас мала пыталіся тады: па здароўю падыходзілі, вось і набіралі, - успамінае Алег.
Са слоў хлопца, блізкімі сябрамі з Раманам яны не былі, але размаўлялі добра. Нават пасля службы некалькі разоў сустракаліся ў Менску, калі Алег прыязджаў туды ў службовых справах, час ад часу перапісваліся ў сацсетках. Былы калега кажа, што Раман быў вельмі добрым і пазітыўным чалавекам, зусім неканфліктны.
- За час нашай службы я не памятаю, каб ён з кімсьці канфліктаваў. Ён быў добры, спагадлівы, вясёлы, з добрым пачуццём гумару. Адукаваны і начытаны чалавек, з якім заўсёды было, пра што пагаварыць. І акрамя пазітыву ён нічога не выклікаў, - кажа Алег.
Пра тое, што адбылося з Раманам, Алег даведаўся ад былога калегі. І гэтая навіна шакавала і яго самога, і ўсіх, хто з ім служыў.
- Я і ўсе хлопцы з нашай роты, з кім я размаўляў, у шоку ад таго, што адбылося. Ніхто не чакаў такога. Дагэтуль не можам паверыць. Ва ўсім, што з ім здарылася, вінаватая ўлада. На жаль, думаю, пры цяперашняй сітуацыі ў краіне ніхто нікога шукаць не будзе. Тут хоць бы сям'ю не чапалі. Але я думаю, што тыя, хто гэта зрабіў, заслугоўваюць таго ж, што яны робяць з мірнымі людзьмі. Мы ўсе будзем памятаць нашага баявога таварыша, - рэзюмуе ён.