Аднагрупніца Рамана Бандарэнкі: Ён быў добры, спагадны і вельмі адказны
5- 13.11.2020, 14:47
- 20,508
Мы не забудземся і не даруем.
Тэлеграм-канал "Баста" апублікаваў успаміны аднагрупніцы героя Беларусі Рамана Бандарэнкі:
– У Акадэміі мастацтваў маленькія групы. У нашай тэлерэкламе было восем чалавек. Сем капрызных, розных, творчых дзяўчатак і Ромка. Ужо на этапе ўступных экзаменаў, дзе кожны сам за сябе і конкурс некалькі чалавек на месца, у нас склалася сяброўская цёплая атмасфера. Мы адразу разумелі, з кім мы хочам вучыцца.
Не памятаю, ці паступалі з намі яшчэ хлапчукі, але Ромка дапамагаў расстаўляць нам драўляныя мальберты, крэслы без лішніх словаў, дапамагаў дзяўчаткам з планшэтамі, а гэта не такі ўжо і цяжар, калі шчыра, але Ромка быў такім.
Ён быў тым абітурыентам, што дапамагаў іншым на экзамене парадай, разраджаў абстаноўку гумарам, ніякай канкурэнцыі. Ромка ездзіў або тэлефанаваў у Акадэмію, мог даведацца вынік за сябе і за іншага. Усім зычыў паступіць.
Калі мы прыйшлі на першы курс і ўсе сустрэліся, Ромка быў адзін хлопец на сем розных, эмацыйных, творчых дзяўчатак. Спакойна і з гумарам ставіўся да нас. Добры быў, спагадны і вельмі спачувальны. Рома дапамагаў нам усталёўваць графічныя праграмы на нашы кампутары. Дапамагаў рабіць курсавыя, калі мы знаёміліся з светам камп'ютарнай графікі.
Памятаю, як мы з аднагрупніцай не маглі ніяк закончыць праект у Афтэр эфекце, каб паказаць курсавую. Мы рабілі гэта на кампутары Ромы ў яго дома ў гасцях, смяяліся, жартавалі, абмяркоўвалі планы будучых дыпломных працаў і выкладнікаў. Ён нам заўсёды дапамагаў, таму што Раман быў такі, сумленны, добры і адказны нават за нас.
Наш курс тэлерэкламы выпуску 2013 года абараніў дыпломы дзякуючы Раману. Ён прынёс свой кампутар, усё падключыў за ўсю групу, дэманстраваў дыпломныя відэа і забяспечыў тэхнічную частку паказу нашых працаў.
Ромка, выдатны хлопец Ромка...
Мы не забудземся, не даруем.