18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Кац: Лукашэнка ўсё адно саступіць

38
Максім Кац: Лукашэнка ўсё адно саступіць
Максім Кац

Цяпер вызначальны момант, галоўнае - не здавацца.

Расейскі палітолаг Максім Кац свежы выпуск сваёй праграмы назваў «Забойства Бандарэнкі». Блогер патлумачыў, як такое магло здарыцца, і параіў беларусам не здавацца ў барацьбе супраць рэжыму.

- Учорашняя трагедыя - гэта наступны віток эскалацыі з боку Лукашэнкі. Так званыя парамілітарыі, банды, якія збіваюць апанентаў рэжыму, з'яўляюцца на вуліцах такіх рэвалюцый перыядычна. Ва Украіне іх называлі «цітушкамі». Такія банды маюць «ліцэнзію на гвалт» ад дзяржавы. Дзяржава іх выгароджвае, аплачвае іх працу і пры гэтым уяўляе сітуацыю так, быццам гэта канфлікт унутры грамадства.

З заявы МУС мы бачым, што гэта менавіта той выпадак: забойцы Бандарэнкі не злоўленыя, але прэс-сакратарка МУС Чамаданава ўжо заяўляе, што гэта «абураныя грамадзяне». Адкуль яна ведае гэта?

Палітолаг мяркуе, што з'яўленне «парамілітары» ў Беларусі паказвае на недахоп у рэжыму Лукашэнкі законных сілавых рэсурсаў:

- Цяпер вызначальны момант. Два мінулыя тыдні маршы былі крыху меншымі, арыштаў было больш. Выходзіць стала нашмат больш небяспечна, Лукашэнка адчуў пах крыві. Каб дабіць, з'явіліся, у тым ліку, і гэтыя людзі, якія ўчора забілі Бандарэнку.

Калі грамадства цяпер праглыне разбой, вар'яцкія крымінальныя справы і вось гэта забойства, Лукашэнка ўсё адно сыдзе, але гэта можа заняць месяцы ці гады.

Максім Кац тлумачыць пратэстны спад страхам, але раіць беларусам аб'ядноўвацца і не здавацца.

- Страшна не толькі вам, страшна і адэкватным людзям у сістэме, і рабочым дзяржпрадпрыемстваў, і вайскоўцам, якія маглі б абараніць людзей, таксама страшна. Падоння, гатовага збіваць і забіваць, - некалькі тысяч. Сумленных, добрых і адэкватных людзей - мільёны. Але страх скоўвае і гэта зразумела. Калі могуць збіць і нават забіць, калі могуць пасадзіць у турму без усялякай прычыны, і катаваць, зразумела, што ўсім страшна.

Але калі грамадства цяпер збярэцца разам, калі выйдзе і праявіць чарговым разам адвагу, настойлівасць і ўпартасць, каб сабраць велізарны марш у нядзелю, каб прадаўжаць іншыя акцыі, каб ціснуць на сістэму і супраціўляцца, калі людзі пераканаюць адзін аднаго, што гэта непрымальна і нельга цярпець, то перамога прыйдзе, - упэўнены ён.

І прызнаецца, што гісторыя беларусаў у гэтыя дні нікога не можа пакінуць абыякавым. Кац перакананы, што цяпер нам, як ніколі, патрэбная падтрымка адзін аднаму:

- Цяпер надта чорная паласа і, здаецца, што выйсця няма. Але гаворка ідзе пра некалькі тысяч галаварэзаў супраць мільёнаў сумленных людзей. Немагчыма саступіць, калі не здавацца. У гэты ключавы момант вельмі важна падтрымліваць адзін аднаго. Патрэбныя ўсе!

Вы не можаце дапусціць, каб крывасмок, які чапляецца за ўладу, даваў ліцэнзію збіваць і забіваць людзей. У вас ёсць інструменты гэта зрабіць, вы ўжо вельмі шмат чаго дамагліся. Галоўнае - не здавацца!

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках