Як улады зманілі аб НЗ на БелАЭС
23- 13.11.2020, 17:01
- 81,007
Кіраўнік праекта будаўніцтва атамнай станцыі нечакана прагаварыўся.
Калі на наступны дзень пасля таго, як Лукашэнка запусціў атамную станцыю ў Астраўцы, яна зламалася, міністэрства энэргетыкі зрабіла выгляд, што ўсё так і было задумана, піша gazetaby.com.
Такім чынам, урадавая структура сцвярджае, што часовае спыненне пастаўкі электраэнэргіі ад Беларускай АЭС было прадугледжанае праграмай этапу «Энэргетычны пуск».
Праблема ў тым, што гэтую версію забыліся ўзгадніць з расейцамі. У выніку віцэ-прэзідэнт «Атамбудэкспарта» (структура «Расатама», якая будуе станцыі за мяжой), кіраўнік праекта будаўніцтва БелАЭС Віталь Палянін прызнаўся «Коммерсанту»:
- У нядзелю, 8 лістапада, блок быў няпланава адключаны ад сеткі дзеяннем электрычнай абароны.
Палянін абвінаваціў у здарэнні італійскія трансфарматары. На пытанне, у чыёй зоне адказнасці яны знаходзяцца, вымушаны быў канстатаваць:
- Пастаўка, мантаж і наладка электрычнай схемы генератарнага выключальніка з выкарыстаннем гэтых трансфарматараў - гэта наша зона адказнасці.
Такі «ўдарны» пачатак працы АЭС навявае наймагутнейшы «аптымізм» аб яе перспектывах. А ўзровень «сумленнасці» і «адкрытасці» дзяржструктур, якія адказваюць за працу станцыі, зашкальвае.