Хрысціяне Беларусі заклікалі вызваліць палітвязняў і правесці новыя выбары
5- 13.11.2020, 20:01
- 19,364
Больш за тысячу хрысціян розных канфесій падпісалі адкрыты ліст.
Больш за тысячу хрысціян розных канфесій падпісалі адкрыты ліст з заклікам спыніць гвалт, вызваліць палітычных зняволеных і правесці новыя прэзідэнцкія выбары, паведамляе naviny.by.
У лісце гаворыцца, што «свядомае скажэнне інфармацыі пра вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, ілжэсведчанне ў судах, дэзінфармацыя ў СМІ, заведама неправасуднае рашэння» з'яўляюцца не толькі парушэннем законаў Беларусі, але і «вялікім грахом».
«Ужыванне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць, - адзначана ў дакуменце. - Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна. Маўчаць пра бяспраўе - значыць прычыняць пакуты дзясяткам тысяч чалавек па ўсёй краіне».
Падпісанты пад лістом падкрэслілі, што «ўзвышаць голас за праўду і справядлівасць - гэта ўнутраная патрэба хрысціян, што жывуць у адпаведнасці з евангельскім маральным законам і ў згодзе з сумленнем, якое з'яўляецца голасам Божым».
З гэтай прычыны беларускія хрысціяне заклікалі «кожнага чалавека, які прэзентуе дзяржаўныя органы», зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб «спыніць гвалт у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія мірна выказваюць сваё меркаванне пра сітуацыю ў краіне». Яны заклікалі «аднавіць законнасць», для чаго неабходна «вызваліць усіх затрыманых паводле палітычных матываў і прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў дзяржорганаў, якія парушылі законы Беларусі». Акрамя таго, яны заклікалі «ў самыя кароткія тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам, правесці новыя прэзідэнцкія выбары, якія павінны адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам».
Падпісанты перакананыя, што выкананне гэтых патрабаванняў «здыме прэтэнзіі грамадзян Беларусі да ўладаў і адновіць грамадскі спакой».
«Мы спачуваем усім пацярпелым. Сэрца хрысціян Беларусі і дзверы нашых цэркваў адкрыты для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, незалежна ад палітычных перакананняў, - адзначылі яны. - Мы падтрымліваем грамадзян Беларусі, якія рэалізуюць дадзенае Богам і пацверджанае Канстытуцыяй права на свабоду меркаванняў і перакананняў, іх свабоднае выказванне ў рамках закона без прымянення гвалту».
«Мы просім кожнага маліцца і рабіць усё, што ад яго залежыць, каб аднавіць мір, згоду і справядлівасць у нашым агульным доме - Беларусі. Мы заклікаем усіх хрысціян публічна выказацца супраць беззаконня і гвалту ў Беларусі, таму што маўчанне азначае супрацоўніцтва з прыгнятальнікамі», - гаворыцца ў лісце.
Яго падпісалі праваслаўныя, каталікі, грэка-каталікі, пратэстанты розных дэнамінацыяў. Сярод іх як парафіяне, так і святары, пастары і царкоўныя служкі.