Да кіраўніка ФХБ Баскава прыставілі ахову: Падобны на яго чалавек зблізку назіраў, як б’юць Рамана Бандарэнку
109- 14.11.2020, 16:36
- 134,540
З'явіліся новыя падрабязнасці злачынства на Плошчы Пераменаў.
12 лістапада здарылася яшчэ адна гібель чалавека, якому былі блізкія сімвалы беларускага пратэсту. Патрабаванні ягоныя простыя і зразумелыя – за сумленныя выбары, супраць гвалту, – але якраз ад гвалту 31-гадовы Раман Бандарэнка і загінуў. Увечары 11 лістапада ён выйшаў у суседні двор, празваны Плошчай Пераменаў, абараніць бел-чырвона-белыя стужкі ад людзей, якія іх знішчалі – бяззбройны, настроены на дыялог. У выніку яго штурхалі невядомыя ў масках, зацягнулі ў мікрааўтобус з тых, на якіх увесь час ездзяць сілавікі ў цывільным – а праз 1 гадзіну 50 хвілінаў прывезлі ў лякарню (паводле дакументаў – з Цэнтральнага РУУС) ужо ў стане комы. З яе мастак Бандарэнка, які некалі адслужыў у спецназе, ужо не выбраўся. Даведаўшыся пра гэта, беларусы масава сабраліся на Плошчы Пераменаў і ўшанавалі памяць загінулага, піша tribuna.com
Шок і абурэнне людзей былі вялікія – асабліва іх узмацніла заява Следчага камітэта, што Бандарэнка нібыта быў п'яны. Таму што, па-першае, збіваць людзей нельга ні ў якім іх стане, а, па-другое, на самай справе загінулы Раман быў абсалютна цвярозы – абураныя лекары даслалі ў СМІ дакументы праз тры хвіліны пасля выступу «органаў». Гэта, вядома, не перашкодзіла Аляксандру Лукашэнку ўвечары 13 лістапада зноў паспрабаваць паставіць паведамленне СК вышэй за лекарскія пацверджанні, але цытаваць падобныя заявы мы не станем – тым больш пры такім узроўні даверу да СК Лукашэнка чамусьці даручыў заняцца расследаваннем Генпракуратуры. Мяркуючы з навінаў пра спыненне праверкі забойства Аляксандра Тарайкоўскага, справа гэтая пры цяперашнім рэжыме бесперспектыўная.
Ланцугі салідарнасці ў Беларусі ўдзень пятніцы, 13 лістапада, у маштабнасці могуць параўнацца толькі з першым поствыбарным тыднем, які характарызаваўся нечалавечым узроўнем гвалту. І так, людзей за смутак зноў затрымлівалі.
Але хто ж забіў Бандарэнку? Сведкі казалі, што схапілі хлопца першапачаткова тыя ж, хто зрываў стужкі. А вось хто ваюе з БЧБ-сімволікай у Менску – гэта пытанне цікавае і, цалкам магчыма, наўпрост датычнае белспорту. Бо сведка, знойдзены «Радыё Свабода» яшчэ днём 12 лістапада, сцвярджаў, што ў ліку «гасцей» двара пазнаў «набліжанага да Лукашэнкі спартовага функцыянера». Гэты самы функцыянер, паводле словаў відавочцы, сам у бойку не лез, але паводзіў сябе досыць дзёрзка – заявіў, што знішчэннем стужак «чысціць горад ад смецця» і загадным тонам параіў абаронцам двара ісці дадому.
Імёнаў выданне не ўказала, але першае падазрэнне было відавочным. У гісторыях са зразаннем БЧБ-стужак фігуравала пакуль толькі адно імя «набліжанага» – кіраўніка ФХБ Дзмітрыя Баскава. Некалькі не звязаных паміж сабой крыніцаў Tribuna.com абсалютна ўпэўненыя ў тым, што кіраўнік з кучай пасадаў удзельнічаў у падобным дзействе ўвечары 18 кастрычніка ў ЖК «Мегаполіс» – адзін з жыхароў комплексу сцвярджае, што бачыў Баскава ў двары і без маскі. Гэтага чалавека знялі з блізкай адлегласці і з добра чутным голасам – самі ацаніце, наколькі ўсё падобна на рэальнага функцыянера (адзнака 0:32).
Таксама 18 кастрычніка побач былі заўважаныя людзі, падобныя на выхаванца Баскава ў камандзе Аляксандра Лукашэнка Паўла Воўчака і жонку спартоўца, а таксама яшчэ адзін спартовага целаскладу. Апрануты ён быў быццам бы, як і ўсе астатнія, непрыкметна, але чорная камізэлька добра кантраставала з шэрай байкай, у якой на рукаве да таго ж выдатна праглядаўся патч.
11 лістапада чалавек роўна ў такой вопратцы атакаваў Рамана Бандарэнку на Плошчы Пераменаў.
Злева – ЖК «Мегаполіс», 18 кастрычніка справа – Плошча Пераменаў, 11 лістапада
Журналісты tut.by, супаставіўшы кадры, правялі апытанне на Плошчы Пераменаў – і адразу некалькі відавочцаў пацвердзілі, што апазнаюць у «Баскавым» з «Мегаполіса» няпрошанага госця свайго двара!
Вось у гэтым кадры жыхары Плошчы Пераменаў апазнавалі «гасцей» двара. Злева – чалавек, падобны на Баскава, справа – падазраваны ў нападзе на Бандарэнку.
Таксама журналісты tut.by пагутарылі з мясцовым жыхаром Змітром, які спрабаваў размаўляць са зразальнікамі стужак, але сышоў дадому да прыходу Бандарэнкі. Паводле ягоных словаў, невядомыя «госці» казалі, што «наводзяць парадак». Сярод іх Змітру запомніўся адзін чалавек, які назваўся таксама Змітром. «Цёмненькі, ярка выяўленыя чорныя бровы, карыя вочы. Калі я яго ўбачыў, адразу ўсплыў твар чалавека з ролікаў пра сітуацыю ў ЖК "Мегаполіс" – вельмі падобны», – так сведка ахарактарызаваў «госця». Акрамя таго, цёзка падзяліўся інфармацыяй, што яму «больш за 40 гадоў, ёсць дзеці». Рэальнаму Змітру Баскаву 42 гады, у яго ёсць сын (хакейны брамнік) і дачка.
Фінальнае супастаўленне ад tut.by – на відэа. У момант пачатку атакі на Бандарэнку 11 лістапада на Плошчы Пераменаў камера паказала мужчыну ў куртцы на гузіках, блішчастых у паўзмроку, які з метра назіраў за нападам на загінулага пасля мужчыну. Роўна ў такой самай куртцы 18 кастрычніка ў ЖК «Мегаполіс» быў чалавек, апазнаны як Дзмітрый Баскаў.
Журналісты «Трыбуны» спрабавалі звязацца з Баскавым з 12 лістапада – часу першых сведчанняў пра нейкіх «спартовых функцыянераў», але Дзмітрый не адказваў на званкі. Журналісты tut.by паведамілі, што ўвечары 12 лістапада і раніцай 13 лістапада таксама неаднаразова спрабавалі пагутарыць з Баскавым, але ён «адмаўляўся ад размовы і спыняў званок».
Пры гэтым вечарам 12 лістапада ў Telegram-канале блогера Антона Матолькі з'явілася інфармацыя, што каля дома, дзе жыве Баскаў, з'явіўся тыповы бус «супрацоўнікаў у цывільным», якія дзейнічалі так, як быццам кагосьці ахоўвалі. Днём 13 лістапада ў тым жа канале з'явілася відэа, дзе «ахоўнікі» выходзяць, паводле сцвярджэння суседзяў, з пад'езда Баскава.
Падазрэнне ў датычнасці функцыянера да кампаніі, прыезд якой вынікаваў гібель чалавека, можа стаць сур'ёзным ударам па магчымасці правядзення ў Беларусі хакейнага ЧС-2021, якое цяпер і так пад сур'ёзным пытаннем. Калі ад палітыкі ў Міжнароднай федэрацыі хакею як могуць абстрагуюцца, то пытанні бяспекі як магчымую прычыну пастановы пра перанос наўпрост называў і сам кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазэль. Баскаў як кіраўнік ФХБ і чалец аргкамітэта ў падрыхтоўцы да правядзення ЧС толькі 31 кастрычніка заяўляў, што ўпэўнены ў адсутнасці якіх-небудзь пытанняў у бяспецы, а раніцай таго самага 11 лістапада перад пасяджэннем аргкамітэта (дзе быў суседам Віктара Лукашэнкі) паспеў заявіць, што квіткі збіраюцца запускаць у продаж ужо сёлета. Тым часам на 16 лістапада запланаванае онлайн-пасяджэнне рады Міжнароднай федэрацыі хакею, дзе павінны заслухаць даклад аб Беларусі – і туды відавочна паспеюць дадаць інфармацыю пра чарговы смяротны ўдар па рэпутацыі «бяспечнай» краіны.