Еўропа абмяркоўвае план эканамічнага росту вольнай Беларусі
11- 14.11.2020, 11:29
- 24,347
Пасля перамогі над узурпатарам для нашай краіны пачнуць працаваць унікальныя праграмы.
Еўрапейскія эканамісты распрацоўваюць план рэфармавання эканомікі Беларусі. Калі глядзець у будучыню, то эканамісты не чакаюць істотнага росту эканомікі Беларусі без правядзення рэформаў, піша dw.com.
Як выратаваць беларускую эканоміку
"Сітуацыя пакуль не катастрафічная, але перспектывы макраэканамічнай стабільнасці і эканамічнага росту (у Беларусі. – Рэд.) вельмі змрочныя", – мяркуе намеснік кіраўніка размешчанага ў Польшчы Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus Алесь Аляхновіч. Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская прызначыла яго сваім дарадцам у эканоміцы і даручыла сабраць каманду беларускіх эканамістаў для таго, каб разам з міжнароднымі экспертамі прааналізаваць цяперашнюю сітуацыю і распрацаваць рамкі для эканамічных рэформаў у краіне.
"Фундаментальная праблема беларускай эканомікі ў тым, што гэта старая савецкая эканоміка", – заявіў эксперт у эканоміцы Усходняй Еўропы Atlantic Council Андэрс Аслунд падчас канферэнцыі пра эканамічныя рэформы ў Беларусі, якую CASE Belarus і брусэльскі аналітычны цэнтр Bruegel правялі 13 лістапада. Аслунд нагадвае, што ўсе вялікія прадпрыемствы дагэтуль застаюцца ва ўласнасці дзяржавы і карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай. "Фактычна, эканоміка Беларусі працуе наступным чынам: яна вырабляе найлепшыя савецкія тавары і прадае іх на адзін рынак, у Расею", – растлумачыў Аслунд.
Беларусь залежыць ад Расеі і ў вытворчасці тавараў, якія складаюць аснову яе экспарту на Захад, дадае ён. Гэта нафтапрадукты і ўгнаенні, для вытворчасці якіх Беларусь выкарыстоўвае нафту і газ, імпартаваныя з Расеі з ільготнымі коштамі. "Гэта вельмі ўразлівая эканоміка... Але пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, рэформы немагчымыя", – упэўнены Аслунд.
Эканамістка Інстытута міжнародных фінансаў (IIF) з цэнтрам у Вашынгтоне Эліна Рыбакова ўпэўненая, што макраэканамічныя праблемы Беларусі можна было б развязаць "даволі проста – шляхам узмацнення даверу да Цэнтрабанку, пераходу ад мадэлі дзяржпрадпрыемстваў да мадэлі прыватнага сектару і дыверсіфікацыі экспарту". Але эканоміцы Беларусі не дае трансфармавацца як дзяржаўная падтрымка, так і субсідыі з боку РФ, кажа Рыбакова.
Залежнасць эканомікі Беларусі ад Расеі
Алесь Аляхновіч паказвае на тое, што ў наступныя гады Беларусі давядзецца штогод выдаткоўваць да 4 млрд даляраў на абслугоўванне сваёй дзяржпазыкі. І ён, і Аслунд перакананыя ў тым, што калі палітычная сітуацыя ў краіне не зменіцца, то Менск не зможа заняць грошы ні на міжнародных фінансавых рынках, ні ў МВФ, ні ў Кітая. У такіх умовах адзіным варыянтам запазычанняў застаецца Расея, мяркуюць эканамісты.
Аслунд бачыць рызыку таго, што ў абмен на пагашэнне пазыкі або на новыя крэдыты Расея будзе спрабаваць атрымаць кантроль над беларускімі прадпрыемствамі, напрыклад "Беларуськаліем" або двума нафтаперапрацоўчымі заводамі, Мазырскім НПЗ і "Нафтанам". "Захад павінен заняць жорсткую пазіцыю, каб гэтага не адбылося, і ўвесці санкцыі супраць любой расейскай кампаніі або бізнэсмэна, хто возьме пад кантроль гэтыя прадпрыемствы, таму што яны пойдуць за бесцань", – кажа Аслунд.
У гэтым пытанні з ім не згодная Эліна Рыбакова. Яна падкрэслівае, што Беларусь не можа разарваць эканамічныя сувязі з Расеяй. Замест гэтага экспертка раіць краіне скарыстацца сваім становішчам, у тым ліку геаграфічным, – паміж РФ і ЕЗ. Паводле ейных словаў, укараненне стандартаў якасці, якія адпавядаюць нормам ЕЗ, узмоцніць попыт на беларускія тавары не толькі ў Еўропе, але і на Блізкім Усходзе, у Азіі і ў самой Расеі. "Бо гэта будуць прадукты больш высокай якасці... Так што не абавязкова выбіраць адзін ці другі бакі. Трэба толькі ліквідаваць ланцужок субсідый", – мяркуе Рыбакова.
Кіраўнік аддзела датычна Арменіі, Азербайджана і Беларусі Еўракамісіі Васіліс Марагас падкрэсліў на канферэнцыі, што ЕЗ ніколі не ставіў народ Беларусі перад геапалітычным выбарам. "Наш геапалітычны падыход – народ павінен быць вольны і пастанаўляць самастойна", – адзначыў ён і дадаў, што ЕЗ гатовы супрацоўнічаць з Беларуссю, якім бы ні быў яе геапалітычны выбар.
Што Еўразвяз можа прапанаваць для эканомікі Беларусі
Зрэшты, ЕЗ можа зрабіць не так шмат, бо Беларусь знаходзіцца ў Еўразійскім эканамічным звязе (ЕАЭЗ) і не можа падпісваць пагадненні пра свабодны гандаль таварамі з іншымі краінамі ці аб'яднаннямі без згоды ўсяго ЕАЭЗ. І таму Марагас не бачыць, у чым магла б быць зацікаўленасць кампаній ЕЗ развіваць вытворчасць у Беларусі.
У той самы час Беларусь можа падпісваць пагадненні пра свабодны гандаль у сферы паслуг, адзначае Аляхновіч. Прадстаўнік Еўракамісіі ідэю зніжэння бар'ераў для гандлю паслугамі назваў "цікавай". Але ключавым для павелічэння экспарту беларускіх тавараў у ЕЗ, паводле словаў Марагаса, з'яўляецца ўкараненне стандартаў, напрыклад у пытанні бяспекі харчовых прадуктаў.
"Эканоміку нельга аддзяліць ад палітыкі", – адзначае Марагас і нагадвае, што раней ЕЗ ужо працаваў разам з МВФ над падтрымкай рэформаў у Беларусі, сярод іншага, на дзяржпрадпрыемствах: "Яны не былі рэалізаваныя... Мы прадаўжаем бачыць, што дзяржаўныя прадпрыемствы застаюцца нерацыянальнымі і ствараюць значны цяжар для эканомікі". Цяпер жа ЕЗ гатовы супрацоўнічаць з беларускай дзяржавай толькі пасля правядзення свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў. Пакуль жа Еўракамісія працуе над эканамічным пакетам для дэмакратычнай Беларусі.