Арсень Сівіцкі: Беларускія сілавікі падпадаюць пад смяротнае пакаранне
33- 14.11.2020, 12:04
- 74,489
Гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці.
Тыя, хто сёння здзекуецца з бяззбройных беларусаў і хто загадвае ім гэта рабіць, як мінімум паўстануць перад міжнародным трыбуналам, а калі іх будуць усё ж такі судзіць у Беларусі, то за гэтыя злачынствы ў нас прадугледжанае пакаранне смерцю.
Палітолаг Арсень Сівіцкі напісаў у Facebook пра сітуацыю, у якой мы ўсе сёння апынуліся.
«Я спачатку думаў, што ўсё гэтае бязладнае і непрапарцыйнае ўжыванне сілы супраць грамадзянскага насельніцтва з боку сілавых структураў – вынік глыбокага непрафесіяналізму.
Але нядаўна з "ціхарамі" сутыкнуўся адзін мой знаёмы, які выходзіў у краму са свайго дому. Ён раней служыў супрацоўнікам аднаго са спецпадраздзяленняў, таму ягоныя ацэнкі вельмі паказальныя і сведчаць пра тое, што нанясенне максімальнай шкоды здароўю і жыццю цывільнага насельніцтва – гэта свядомая ўстаноўка, якой кіруюцца сілавікі пры нападзе на грамадзянаў.
Гэта значыць, гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці, а не проста нейкія выпадковыя праявы перавышэння службовых паўнамоцтваў або непрафесіяналізм канкрэтных супрацоўнікаў,
А гэта ўжо заяўка не толькі на міжнародны трыбунал, але на смяротнае пакаранне, згодна з беларускім заканадаўствам.
Выпадак майго знаёмага выглядае так: пасля выхаду з пад'езда свайго дома ён накіраваўся ў краму. Бачачы, што яму насустрач бягуць блізу шасці немаркіраваных супрацоўнікаў сілавых структураў са спецсродкамі, ён прэвентыўна ўстаў на калені і паклаў рукі за галаву.
Як толькі яго акружылі, адбыліся некалькі ўдараў дубінкай у патылічную і скроневыя вобласці галавы.
Ніякага супраціву ён не чыніў.
Потым яго павалаклі ў мікрааўтобус, там яго прадоўжылі збіваць па галаве дубінкамі. Ён закрыў галаву рукамі. У выніку яго білі з такой сілай, што зламалі руку, якой ён прыкрываў галаву ад удараў. Толькі пасля таго, як гэтая траўма стала прыкметнай, старэйшы групы даў каманду спыніць збіццё.
Далей яго даставілі ў РУУС, медыцынскую дапамогу не прапаноўвалі да таго часу, пакуль не склалі пратакол. Пазней яму прапанавалі падпісаць адмову ад прэтэнзій на адрас АМАПа пад пагрозай перакваліфікавання справы з адміністрацыйнай у крымінальную.
Вынік: зламаная рука, чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія ўдары.
P.S.: Яшчэ паўгода таму было цяжка ўявіць, што Беларусь імкліва пачне ператварацца ў Самалі і шэрую зону ў цэнтры Еўропы з падачы саміх беларускіх уладаў.
Беларусь апынулася не проста ў становішчы прававога дэфолту. Гэта сітуацыя, калі сама дзяржава, яе інстытуты не толькі не выконваюць базавых абавязальніцтваў у сацыяльным кантракце, але і ператвараюцца ў крыніцу пагрозаў для жыцця і здароўя ўласных грамадзянаў.
А пры такой пастаноўцы пытання праблемы геапалітычнага выбару, незалежнасці і суверэнітэту адыходзяць на самы апошні план. Таму гуманітарная інтэрвенцыя становіцца практычна неўнікнёнай у падобных умовах.
Эпідэмія каранавірусу і крывавы непрапарцыйны сілавы разгон пратэстаў 9–13 жніўня так нічому і не навучыў беларускія ўлады. Да канца года, калі агульная колькасць стратаў ад эпідэміі каранавірусу ў Беларусі дасягне 12–15 тысячаў, а колькасць рэпрэсаваных – 40–50 тысячаў, для грамадства легітымнасць гэтай дзяржавы памрэ канчаткова», – піша дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.