Fitch Ratings пагоршыла прагноз у рэйтынгу Беларусі да «негатыўнага»
- 14.11.2020, 12:17
- 13,122
Беларускі рубель абясцэніўся ў адносінах да даляра ЗША на 18% з пачатку года і на 8% толькі за жнівень.
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings пагоршыла прагноз у доўгатэрміновым рэйтынгу дэфолту эмітэнта (РДЭ) Беларусі ў замежнай валюце са «стабільнага» на «негатыўны» і пацвердзіла РДЭ на ўзроўні «B», піша сайт naviny.media.
Як тлумачыць агенцтва, перагляд прагнозу на «негатыўны» адлюстроўвае меркаванне Fitch, што палітычны крызіс у Беларусі пасля выбараў павысіў уразлівасць, абумоўленую даволі нізкімі міжнароднымі валютнымі рэзервамі і слабым банкаўскім сектарам.
«Узмацненне палітычных хваляванняў можа прывесці да дадатковага ціску на міжнародныя рэзервы і адток дэпазітаў, павялічваючы рызыкі для макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці», – гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначае Fitch, афіцыйны вынік жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Лукашэнка быў прызначаны на новы тэрмін, па-ранейшаму аспрэчваецца апазіцыйным рухам, ЗША, краінамі Еўразвязу і Вялікай Брытаніяй праз абвінавачванні ў шырока распаўсюджаных фальсіфікацыях.
«У цяперашні час дыялогу паміж апазіцыйным рухам і ўладай няма. Прадаўжаюцца масавыя вулічныя акцыі пратэсту з патрабаваннямі адстаўкі Лукашэнкі, правядзення новых выбараў і вызвалення палітвязняў», – канстатуюць аналітыкі.
На думку Fitch, захоўваецца магчымасць абвастрэння палітычнага крызісу. «Палітычны крызіс стварае рызыкі аднаўлення сацыяльных хваляванняў, забастовак, дадатковай дыпламатычнай напружанасці з заходнімі краінамі і патэнцыйна больш жорсткіх санкцый у параўнанні з тымі, якія ў цяперашні час накіраваныя супраць некаторых урадавых чыноўнікаў, уключна з Лукашэнкам», – мяркуюць аналітыкі агенцтва.
Яны адзначаюць, што беларускі рубель абясцэніўся ў адносінах да даляра ЗША на 18% з пачатку года і на 8% толькі за жнівень. Глабальная нявызначанасць, звязаная з пандэміяй каранавірусу, распаўсюджванне валацільнасці фінансавых рынкаў з Расеі праз геапалітычныя рызыкі або аднаўленне абвастрэння палітычнага крызісу можа прывесці да дадатковага абясцэньвання, што адмоўна адаб'ецца на міжнародных рэзервах, стабільнасці фінансавага сектару і дзяржаўнай пазыцы, мяркуюць у агенцтве.
Fitch чакае, што пасля рэзкага зніжэння на 1,4 млрд даляраў ЗША ў жніўні золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнуць 7,6 млрд даляраў ЗША (2,4 месяца бягучых знешніх плацяжоў) да канца 2020 года.
«Мы прагназуем зніжэнне рэзерваў да 6,8 млрд даляраў ЗША ў 2021 годзе і 6,2 млрд даляраў ЗША ў 2022 годзе (1,7 месяца актуальных знешніх плацяжоў), што прывядзе да далейшага паслаблення рубля», – адзначаецца ў паведамленні.
Аналітыкі Fitch адзначаюць, што паніжэнне ўнутранага даверу таксама будзе чыніць ціск на ліквіднасць банкаў і якасць актываў. Дэпазіты ў замежнай валюце ўпалі на 7% у жніўні – верасні, пры гэтым дэпазіты насельніцтва скараціліся на 15%, або 1,1 млрд даляраў ЗША.
За той самы перыяд дэпазіты ў мясцовай валюце знізіліся на 6% (уключаючы аднаўленне на 5% у верасні).
Зніжэнне курсу беларускага рубля таксама прывядзе да зніжэння якасці актываў (50% крэдытаў у замежнай валюце) і ціску на капіталізацыю (16,4%). Fitch мяркуе, што якасць актываў, верагодна, будзе значна ніжэйшай за заяўленую (5% праблемных крэдытаў). Паколькі 60% сістэмы належыць дзяржаве, яна ўяўляе з сябе ўмоўнае абавязальніцтва для дзяржавы і можа запатрабаваць дадатковых уліванняў капіталу, адзначаюць у агенцтве.