18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашысты падпалілі лецішча акадэміка Мрочака

40
Лукашысты падпалілі лецішча акадэміка Мрочака

На месцы падпалу пакінулі ляльку з акрываўленымі вачыма і запіску.

У акадэміка Аляксандра Мрочака, былога дырэктара РНПЦ «Кардыялогія», на лецішчы здарыўся пажар. Згарэлі частка дома, склеп, лазня і альтанка. На вуліцы, магчыма, падпальнікі пакінулі ляльку з акрываўленымі вачыма, прышпіленую да крэсла скальпелем, і цыдулку з пагрозамі, паведамляе tut.by.

Лецішча акадэміка знаходзіцца ў вёсцы Узбор’е каля Раўбічаў.

– Мне патэлефанаваў сусед, які ўбачыў пажар. Я быў у Віцебскай вобласці на рыбалцы, мы адразу селі ў машыну – гэта была 4-я гадзіна раніцы, – прыехалі, пажарныя ўжо працавалі. Нешта атрымалася захаваць, нешта незваротна страчана. Згарэлі альтанка, частка дома, склеп, ён быў адкрыты, мы яго не зачынілі на замок. У склепе была невялікая лазня – яна цалкам выгарала. Прасцей кажучы, тры не залежныя адзін ад аднаго агмені ўзгарання. Пажарныя мяркуюць, што гэта падпал. Мала таго, стаяла крэсла на вуліцы, на крэсле – лялька з акрываўленымі вачыма, прыколатая скальпелем. І пагражальная запіска, што я павінен пакаяцца, што «прадаваў нейкія стымулятары, якія былі ва ўжытку», – гэта поўнае трызненне! І напісана ў канцы, што гэта толькі пачатак.

Аляксандр Мрочак сказаў, што цяпер на лецішчы працуюць следчыя.

– Мне ніхто адкрыта не пагражаў. Я ўжо некалькі месяцаў не працую, я звольнены. Вось упершыню такая пагроза ў запісцы. Мне за ўсё жыццё ніхто асабліва не пагражаў.

Аляксандр Мрочак – кардыёлаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар. У 90-я гады быў дырэктарам НДКІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, рэктарам Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. РНПЦ «Кардыялогія» кіраваў з 2008 года. Аўтар больш як 500 навуковых працаў, у тым ліку 8 манаграфій, 45 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, міждзяржаўнай прэміяй «Зоркі Судружнасці».

У жніўні Міністэрства аховы здароўя звольніла Аляксандра Мрочака з пасады дырэктара РНПЦ «Кардыялогія». В. а. міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сказаў, што «задачы, якія цяпер стаяць перад Міністэрствам аховы здароўя, патрабуюць асаблівых кіраўнікоў», таму кадры і мяняюць. Аднак самі ж супрацоўнікі РНПЦ звязвалі звальненне з тым, што Мрочак не ціснуў на іх і не забараняў у непрацоўны час выказваць сваю пазіцыю.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках