Спецслужбы Ізраіля на запыт ЗША ліквідавалі другога найбуйнейшага верхавода Аль-Каіды
- 14.11.2020, 15:17
- 20,842
Яго абвінавачваюць у падрыхтоўцы нападаў на амерыканскія амбасады ў 1998 годзе.
Ізраільскія спецслужбы ў жніўні на запыт ЗША забілі ў Тэгеране высокапастаўленага чальца тэрарыстычнай арганізацыі Аль-Каіды Абдулу Ахмеда Абдулу. Амерыканскія спецслужбы ўважалі яго за другога чалавека ў тэрарыстычнай арганізацыі, якая адказвае за аператыўнае планаванне ў Аль-Каідзе.
Пра гэта паведаміла газета The New York Times са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай выведцы, піша nv.ua.
57-гадовы Абдула, вядомы таксама як Абу Мухама аль-Масры, падазраваўся амерыканскімі спецслужбамі ў арганізацыі тэрактаў каля пасольстваў ЗША ў 1998 годзе. Тады магутныя бомбы былі ўзарваны перад пасольствамі ЗША ў Найробі, Кеніі, і ў Дар-эс-Саламе, Танзаніі. У выніку гэтага загінулі 224 чалавекі, у тым ліку 12 амерыканцаў, больш за 4,5 тысяч чалавек атрымалі раненні.
Як паведамляе NYT, аль-Масры быў забіты разам са сваёй дачкой, удавой сына былога лідара Аль-Каіды Усамы бэн Ладэна Хамзы. Іх застрэлілі два матацыклісты, якія ўцяклі з месца злачынства. Ахмед Абдула ўважаўся за пераемніка кіраўніка Аль-Каіды Аймана аз-Завахіры.
Амерыканскія і ізраільскія ўлады паведамленне газеты пакуль не каментуюць. У той жа час прадстаўнік МЗС Ірана Саід Хацібзадэ зняпраўдзіў інфармацыю аб ліквідацыі аднаго з лідараў Аль-Каіды.