Святлана Ціханоўская заклікала ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі
31- 14.11.2020, 16:58
- 44,837
Пра гэта яна заявіла падчас візіту ў Латвію.
Святлана Ціханоўская здзейсніла працоўны візіт у Латвію, дзе правяла сустрэчы з прэзідэнтам, прэм'ерам, міністрам замежных спраў і латвійскімі НДА. Святлана таксама ўсклала кветкі да Помніка Свабоды ў Рызе і запаліла свечкі разам з беларускай дыяспарай у памяць пра Рамана Бандарэнку, паведамляе яе Telegram-канал.
Чакаецца, што найбліжэйшым часам Латвія і балтыйскія краіны ўвядуць пашыраны спіс індывідуальных санкцый, які можа ўключаць сотні імёнаў людзей, вінаватых у фальсіфікацыі і рэпрэсіях.
Святлана Ціханоўская заклікала Нацыянальны банк Латвіі спыніць супрацоўніцтва з дзяржбанкамі «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк», а таксама ўвесці эканамічныя санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія звальняюць страйкоўцаў. Напрыклад, Ціханоўская заклікала перагледзець кантракты аб закупах нафтапрадуктаў і металапрадукцыі, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці і алкаголю з Беларусі. Таксама Святлана падтрымала ідэю накласці эканамічныя санкцыі на бізнэс, звязаны з Лукашэнкам і набліжанымі да яго алігархамі.
Святлана Ціханоўская звярнулася да міністра Эдгарса Рынкевічса з просьбай падтрымаць міжнароднае расследаванне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі і абвясціць арганізацыі ГУБАЗіК і АМАП экстрэмісцкімі.
Прэзідэнт Латвіі Эгілc Левітс заявіў, што ўважае Святлану Ціханоўскую прызнаным прадстаўніком народа Беларусі, і падтрымаў ідэю пашырэння санкцыйнага спісу на ўзроўні ЕЗ. Святлана Ціханоўская ў сваю чаргу падзякавала Латвіі за дапамогу параненым, адкрыццё гуманітарнага калідора, спрашчэнне візавых працэдур для рэпрэсаваных, а таксама матэрыяльную дапамогу для беларускіх журналістаў і рэпрэсаваных актывістаў. Ціханоўская таксама папрасіла аб падтрымцы малога бізнэсу, які пацярпеў праз рэакцыю рэжыму на забастоўкі.
Святлана Ціханоўская таксама абмеркавала з кіраўніцтвам Латвіі магчымасць скасавання або пераносу чэмпіянату свету ў хакеі з Менска (планавалася, што чэмпіянат пройдзе ў Менску і Рызе). Чакаецца, што пастанова аб пераносе або касаванні будзе прынятая найбліжэйшым часам.