18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Краўчанка быў увесь мокры - іх прымусілі прысядаць 400 разоў»

21
«Краўчанка быў увесь мокры - іх прымусілі прысядаць 400 разоў»

Сукамернік распавёў пра арыштаваных спартоўцаў.

У мінулую нядзелю ў Менску затрымалі срэбнага прызёра Алімпіяды ў Пекіне Андрэя Краўчанку і шматразовага чэмпіёна Беларусі ў кікбоксінгу Івана Ганіна. Абодвум спартоўцам прысудзілі па 10 дзён арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. Мянчук Іван, які правёў з Краўчанкам і Ганіным некалькі гадзін у адной камеры, распавёў tut.by падрабязнасці іх утрымання.

Суразмоўца журналістаў Іван - прадстаўнік дробнага бізнэсу. Кажа, яго затрыманне каля гатэлю «Юбілейны» 8 лістапада стала паўторным. Да гэтага мянчук ужо адседзеў 15 дзён у кастрычніку за ўдзел у акцыі пратэсту.

З Іванам Ганіным і Андрэем Краўчанкам Іван прабыў у адной камеры некалькі гадзін да суда.

- Мяне прывезлі з Першамайскага РУУС у Жодзіна а 10-й вечара ў нядзелю. У чатырохмясцовай камеры начавалі дзевяць чалавек. А раніцай пасля ўздыму да нас прывялі Андрэя і Івана і яшчэ некалькі чалавек. У выніку ў камеры затрыманых было не менш за 20.

Я заўважыў, што Андрэй і Іван былі цалкам мокрыя ад поту і фізічна стаміліся, змардаваныя. Андрэй сказаў, што пасля выхаду з аўтазака ім загадалі перасоўвацца гужам, а затым выстраілі ў чаргу, прымусіўшы прысядаць. Чуў, як ён казаў: «Асабіста я прысеў не менш як 400 разоў, а далей ужо не лічыў. Бачыў, што людзі злева і справа ад мяне не маглі больш прысядаць, і я іх уздымаў».

Мянчук распавядае, што за пару гадзін сукамернікі паспелі пазнаёміцца са спартоўцамі.

- Іван быў маўклівым, а Андрэй распавёў, хто ён такі. Я, да свайго сораму і жалю, не ведаў лёгкаатлета Краўчанкі і не быў з ім знаёмы нават завочна.

Але, калі ён прадставіўся і сказаў, што выйграў срэбра на Алімпійскіх гульнях у Пекіне, я быў ўражаны і захоплены. Андрэй нават паспеў расказаць нам, што тады перамог бы на Алімпіядзе, калі б не траўма.

Таксама ён адзначыў, што Іван Ганін - шматразовы прызёр еўрапейскіх спаборніцтваў і яшчэ абавязкова выйграе сваю Алімпіяду. Увогуле, побач з намі ў адной камеры апынуліся людзі, якіх мы раней бачылі толькі ў тэлевізары.

Акрамя спартоўцаў, у камеры, са слоў Івана, знаходзіліся прадпрымальнікі і прадстаўнікі сферы культуры.

- Напрыклад, з намі сядзеў скульптар, праца якога ўсталяваная каля Нацыянальнай бібліятэкі або ўнутры будынка - дакладна не памятаю.

Іван адзначыў, што Краўчанка і Ганін захоўваюць баявы настрой і не падаюць духам.

- Я не заўважыў, каб яны былі прыгнечаныя або напалоханыя. Абсалютна не. Праўда, не ведаю, калі іх у першы раз пакармілі. Таму што мой першы прыём ежы з нядзелі быў толькі ў аўторак раніцай - да суду нас ні разу не кармілі. А суд Андрэя з Іванам адбыўся толькі ў сераду. Ці пакармілі іх да гэтага - не ведаю.

Іван выйшаў на волю пасля пяці дзён арышту. Вызваленне Краўчанкі і Ганіна чакаецца ў сераду, 18 лістапада.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках