Аўстрыя ўвяла поўны локдаўн
- 14.11.2020, 21:59
- 32,679
Частковы не дапамог.
Канцлер Аўстрыі Себсціян Курц абвясціў пра ўзмацненне карантынных абмежаванняў у краіне. Аўстрыя пераходзіць ад частковага да поўнага локдаўна.
Пра гэта паведамляе выданне Deutsche Welle.
«Хоць ніхто і не хоча другога локдаўна, але ён з'яўляецца адзіным сродкам, які, як мы дакладна ведаем, з'яўляецца дзейсным», - адзначыў Курц у суботу.
Згодна з распараджэннем урада Аўстрыі, у краіне закрыюць школы і крамы, у якіх не прадаюць тавары першай неабходнасці. Таксама кругласутачна абмежаваным будзе выхад з дому. Дазволена толькі выходзіць на працу, вучобу, для задавальнення важных патрэб, догляду за іншымі людзьмі і для шпацыраў ці спартыўных практыкаванняў на свежым паветры.
Цяпер у краіне дзейнічае каменданцкая гадзіна з 20:00 да 6-й раніцы.
Прыватныя сустрэчы дазваляюцца толькі з партнёрам або партнёркай, а таксама асобнымі найбліжэйшымі сваякамі або іншымі блізкімі людзьмі.
Адкрытымі застаюцца супермаркеты, крамы з таварамі для дома, аптэкі і шапікі. Школы пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне. Таксама, дзе гэта магчыма, на прадпрыемствах павінен адбыцца пераход работнікаў на аддалены рэжым працы.
Новыя абмежаванні будуць дзейнічаць у Аўстрыі з 17 лістапада і да 6 снежня ўключна.
Колькасць заражэнняў каранавіруса ў Аўстрыі працягвае расці нягледзячы на частковы локдаўн, які ўрад увёў у пачатку лістапада. Лекары перасцерагаюць ад перапаўнення аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі ў бальніцах.
Паводле апошніх звестак рэсурсу Worldometers, у краіне за апошні дзень пацвердзілі 9586 новых выпадкаў інфікавання каранавірусам і 53 ахвяры ад віруса. Усяго ў краіне зарэгістравалі больш за 191,2 тысячы выпадкаў інфікавання каранавірусам, 1661 выпадак смерці праз ускладненні, выкліканыя каранавіруснай хваробай і больш за 112,7 выпадкаў выздараўлення.