Збіты лукашыстамі ў краме мянчук расказаў, што адбылося
29- 16.11.2020, 10:43
- 58,000
Хлопец здолеў унікнуць затрымання.
Учора падчас разгону мірнай акцыі на «Плошчы пераменаў» сілавікі ўварваліся ў краму і пачалі збіваць наведвальнікаў. Адзін з пацярпелых расказаў «Радыё Свабода», што рабілася ў тыя хвіліны.
– Мы былі на «Плошчы Пераменаў», а потым надумалі пайсці ў «Гіпа» ў прыбіральню і пагрэцца. Там хвілінаў 15 ужо стаялі ў чарзе, калі пачулі гукі святлошумавых гранатаў на вуліцы, – расказвае ён. – Я выйшаў, і там ужо было мора сілавікоў у чорным. Людзі стаялі каля крамы і стукалі па металічнай паверхні. Калі сілавікі пабеглі ў бок гіпермаркета, людзі запанікавалі, сталі забягаць у краму. І я таксама зайшоў.
Далей, кажа хлопец, ужо адбывалася тое, што відаць на відэа.
– Заляцеў спачатку адзін у чорным, як ашалелы, пачаў збіваць і круціць хлопца. А потым забеглі яшчэ чалавек шэсць, наляцелі на мяне, на мужчыну побач, – успамінае хлопец. – Пачалася нейкая сеча, у якой не разумеў нічога, я хапаў мужчыну за руку, каб быць разам, чапляўся за металічную агароджу, а яны прадаўжалі збіваць дубінкамі мяне і людзей побач. Мяне схапілі за каўнер, і я ўжо недзе ўнутры адчуваў, быццам хана будзе, быццам мяне ўжо амаль нясуць у пекла.
Але я трымаўся да апошняга, людзі дапамагалі, жанчыны, здаецца, крычалі «не біце, спыніцеся». Пасля памятаю, што я на падлозе, мяне адзін з нападнікаў цягне за нагу, я чапляюся за ногі людзей, за што трапіцца.
Хлопцу пашанцавала: сілавікі сышлі з крамы, не затрымаўшы яго. Але на галаве засталіся раны. Яму на дапамогу прыйшлі медыкі, якія апынуліся побач, – прынеслі бінты, прамылі параненую галаву.
Хлопец звярнуўся ў лякарню. Кажа, што давялося доўга сядзець у чарзе. Яму наклалі 3 швы і паставілі дыягназ ЧМТ. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся.
Яшчэ кажа, што ў яго моцна баліць нага – «уся сіняя, і хадзіць цяжка».