Амаль 30 чалавек дапамаглі вядомаму кардыёлагу разбіраць спаленае лецішча
12- 16.11.2020, 14:39
- 37,525
Сярод іх акадэмік Юры Астроўскі і прафесар Уладзімір Мінчэня.
У выхадныя стала вядома аб падпале лецішча вядомага кардыёлага Аляксандра Мрочака. Згарэлі частка дома, сутарэнне, лазня і альтанка. На вуліцы падпальшчыкі пакінулі ляльку з акрываўленымі вачыма, прышпіленую да крэсла скальпелем, і цыдулку з пагрозамі. СК распачаў крымінальную справу на падставе ч.2 арт.218 КК - па факце наўмыснага знішчэння альбо пашкоджання маёмасці, учыненага агульнанебяспечным спосабам, паведамляе tut.by.
Лецішча акадэміка знаходзіцца ў вёсцы Узбор’і каля Раўбічаў. У нядзелю сюды з'ехаліся неабыякавыя людзі, каб дапамагчы Аляксандру Генадзьевічу справіцца з наступствамі пажару.
- Каб нешта адрамантаваць, трэба прыбраць «рэшткі пажару». Іх досыць шмат, - апісвае сітуацыю Аляксандр Мрочак. - Паступіла прапанова з боку нашага цэнтра (РНПЦ «Кардыялогія» - рэд.) прыехаць і дапамагчы. Былі акадэмік Юры Астроўскі, некалькі кардыяхірургаў, хлопцы з аддзялення рэанімацыі разам з загадчыкам Андрэем Валенцюкевічам, дырэктар і супрацоўнікі «Палітэхніка» - гэта прадпрыемства, з якім мы супрацоўнічалі ў вырабе медыцынскіх вырабаў. Прыехаў з інструментамі прафесар Уладзімір Мінчэня, а таксама людзі, якіх я не ведаю. Усяго амаль трыццаць чалавек.
Памочнікі працавалі паўдня. За гэты час, кажа акадэмік, разабраліся са смеццем і вывезлі «акрыялую» пасля пажару тэхніку. Дарэчы, для захоўвання тэхнікі суседзі па лецішчы выдзелілі медыку пусты домік.
Каб падтрымаць вядомага лекара, Алена Хоміч, якая раней выкладала ў медыцынскім каледжы, кінула кліч для добраахвотнікаў у Facebook. Падлучыцца можа кожны ахвотны, першыя з іх ужо знайшліся.
Учора, распавёў Аляксандр Мрочак, у вёску Узбор’е прыязджалі «адмысловыя будаўнікі з дронам», якія аднаўляюць дамы пасля пажараў. Яны вызначалі ход далейшых дзеянняў.
- Цяпер трэба тэрмінова разбіраць дах і мансарду, - дзеліцца іх высновамі Алена Хоміч. - Калі будзе нармальная зіма ці яшчэ пратрымаецца восень, трэба займацца аднаўленнем. Калі пачнецца «гнілая зіма», як выказаліся спецыялісты, значыць, варта тэрмінова пашырыць уваход з мансардай і рабіць часовае перакрыцце. Гэта дапаможа выратаваць першы паверх, інакш бэлькі намокнуць і прагніюць.
Са слоў Алены, усе, у каго ёсць час і сілы падтрымаць Аляксандра Генадзьевіча, могуць пісаць ёй у Facebook.
- Я за гэтыя дні выматаўся. Сёння было столькі думак, што я ноч не спаў, - распавядае Аляксандр Мрочак. - [У той жа час] такая салідарнасць [з боку калег і звычайных людзей] для мяне нечаканасць. Шыкоўна, калі ёсць такая падтрымка.
Аляксандр Мрочак - кардыёлаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар. У 90-я гады быў дырэктарам НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, рэктарам Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. РНПЦ «Кардыялогія» кіраваў з 2008 года. Аўтар больш чым 500 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій, 45 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, міждзяржаўнай прэміяй «Зоркі Садружнасці».
У жніўні Міністэрства аховы здароўя звольніла Аляксандра Мрочака з пасады дырэктара РНПЦ «Кардыялогія». В.а. міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сказаў, што «задачы, якія цяпер стаяць перад Міністэрствам аховы здароўя, патрабуюць асаблівых кіраўнікоў», таму кадры і мяняюць. Аднак самі ж супрацоўнікі РНПЦ звязвалі звальненне з тым, што Мрочак не ціснуў на іх і не забараняў у непрацоўны час выказваць сваю пазіцыю.