Нямеччына разглядае ўвядзенне санкцый супраць беларускіх кампаній
23- 16.11.2020, 20:20
- 49,435
Урад ФРГ уважліва сочыць за парушэннямі ў Беларусі правоў чалавека і грамадзянскіх правоў.
Урад Нямеччыны не выключае больш жорсткіх санкцый у дачыненні да адказных за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У Бэрліне ўважліва сочаць за паведамленнямі пра меркаваны ўдзел некаторых беларускіх кампаній у парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў у гэтай краіне, заявіў на ўрадавай прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 16 лістапада, афіцыйны прадстаўнік МЗС Нямеччыны Крыстаф Бургер (Christoph Burger), паведамляе DW.
У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфен Зайберт (Steffen Seibert), адкрываючы прэс-канферэнцыю, нагадаў пра мірныя пратэсты ў Беларусі, якія працягваюцца роўна 100 дзён, і гвалт у дачыненні да дэманстрантаў. Урад ФРГ не забудзе, як у гэтай краіне «амаль штодня жорстка абыходзяцца з людзьмі на вуліцах», як амаль штодня затрымліваюць удзельнікаў мірных пратэстаў і падвяргаюць іх грубаму гвалту за сценамі турмаў, заявіў ён.