Павел Латушка: Задача беларусаў - не паддавацца
7- 17.11.2020, 11:35
- 37,081
Супраць рэжыму - уся краіна.
Былы дыпламат і дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка пракаментаваў соты дзень барацьбы грамадзян Беларусі за свабоду.
Паводле ягоных слоў, цяпер «нельга адступаць», бо «ў нас няма іншага выйсця»: «Мэта нелегітымнай улады – пасеяць у душы беларусам пачуццё страху, дэматываваць і здушыць рашучасць».
Латушка адзначае, што ўлады рукамі сілавікоў не даюць людзям сабрацца, разбіваюць калоны, запалохваюць.
«Такой большасці супраць рэжыму дагэтуль не было. Таму сістэма спрабуе дзень за днём пераканаць людзей у тым, што іх меншасць. Гэта ж транслюецца ў галовы сілавікам», - напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Палітык мяркуе, што «задача беларусаў - не паддавацца», бо сёння «супраць рэжыму ўся краіна!».
Ён падкрэсліў, што да паразы мірнага пратэсту можа прывесці толькі адзін шлях - «калі мы перастанем ў гэтыя [перамены] верыць і гэта бачыць».
«Прадстаўнікі ўсіх сфер - пенсіянеры, студэнты і іх прафесары, праграмісты і працаўнікі заводаў, медыкі і рабочыя - усе, абсалютная большасць, аб'ядналіся ў барацьбе з рэжымам», - падкрэсліў Латушка.
«Нам трэба стаць больш смелымі - і мы станем. Мы не спынімся. Але жыццё беларуса ніколі не будзе для нас сродкам да дасягнення мэты», - падкрэсліў Павел Латушка.