Нямецкія фірмы пераконваюць не мець справу з рэжымам Лукашэнкі
17- 17.11.2020, 16:36
- 39,072
Актывісты пратэстуюць супраць супрацоўніцтва нямецкіх кампаній з беларускім дзяржсектарам.
Сямейнае прадпрыемства Eickhoff з Бохума вырабляе абсталяванне для горназдабыўной прамысловасці і пастаўляе яго ў розныя краіны - ад Расеі да Аўстраліі, піша «Нямецкая хваля».
Сярод партнёраў нямецкай фірмы ёсць і ААТ «Беларуськалій». Гэта адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў і важная крыніца валютнага прыбытку для Беларусі. 100% акцый кампаніі з Салігорску, у якой працуюць больш за 16 тысяч чалавек, валодае дзяржава. З заяваў Eickhoff, яны пастаўляюць абсталяванне на «Беларуськалій» з 1975 года «незалежна ад палітычнай сітуацыі ў краіне».
Мабыць, менавіта таму да двухпавярховага цаглянага будынку фірмы ў Бохуме, што ў федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, у пачатку кастрычніка выйшлі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі з лозунгам «Спыніце падтрымліваць дыктатуру». Патрабаванне актывістаў: замарозіць пастаўкі нямецкага абсталявання «Беларуськалію» і гэтым выказаць свой пратэст супраць невыканання правоў страйкоўцаў работнікаў салігорскага прадпрыемства.
«Бізнэс ёсць бізнэс, а гэта справа палітыкаў»
Некаторыя працоўныя «Беларуськалію» страйкуюць ужо з 17 жніўня з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і спынення гвалту супраць мірных дэманстрантаў. На стачку кіраўніцтва прадпрыемства адрэагавала ціскам на працоўных, пазбаўленнем іх прэмій і арыштамі страйкоўцаў. На сёння ў страйку на «Беларуськалія» ўдзельнічаюць больш за 80 чалавек, распавёў старшыня страйкаму Глеб Сандрас, які цяпер знаходзіцца за мяжой.
Менавіта ён першым спрабаваў дастукацца да замежных партнёраў «Беларуськалію», у тым ліку і нямецкай фірмы Eickhoff. У канцы верасня Сандрас накіраваў ім ліст, а таксама дэталёвую інфармацыю пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў страйку. «Мы не просім іх разрываць кантракт, толькі прыпыніць яго дзеянне на два-тры месяцы, пакуль не спыняцца рэпрэсіі супраць нас», - патлумачыў кіраўнік страйкаму.
Праз некалькі дзён ягоную просьбу прадублявалі беларусы, якія жывуць у Нямеччыне. Не атрымаўшы адказу, яны наважыліся сабрацца каля офіса нямецкай кампаніі. Надрукаваны зварот да Eickhoff перадалі на прахадной. І праз некаторы час да дэманстрантаў выйшаў дырэктар фірмы Ульф Ахенбах (Ulf Achenbach). «Ён сказаў, што падтрымлівае дэмакратычны рух у Беларусі, але бізнэс ёсць бізнэс, а развязваць такія пытанні трэба на палітычным узроўні», - дзеліцца адна з удзельнікаў таго пікету Лізавета Чыгрын, кіраўніца адной з Бохумскіх IT-фірмаў.
У афіцыйным адказе прадпрыемства Eickhoff удзельнікам акцыі таксама адзначаецца, што перапыненне ў пастаўках абсталявання вялікага ўплыву на «Беларуськалій» не зробіць і толькі негатыўна адаб'ецца на бяспецы беларускіх шахцёраў і на іх даходах.
Але Глеб Сандрас упэўнены, што спыненне паставак не можа пагражаць бяспецы беларускіх працоўных. Што ж тычыцца іх даходаў, то эканамічныя санкцыі заўсёды адбіваюцца на становішчы насельніцтва, «але калі мы гаворым пра мірны спосаб уплыву звонку, то эканамічныя санкцыі - самы дзейсны варыянт», мяркуе Сандрас.
Нямеччына - найбуйнейшы гандлёвы партнёр Беларусі
Кампанія Eickhoff стала адзінай, хто наогул адказаў на звароты беларусаў, якія жывуць у Нямеччыне, наракае Антон Малкін. Разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары ён звярнуўся ў больш чым 30 нямецкіх фірмаў з просьбай спыніць супрацоўніцтва з дзяржпрадпрыемствамі Беларусі і рэжымам Лукашэнкі. Сярод адрасатаў такія буйныя кампаніі, як Bayer, Siemens, Daimler, а таксама Commerzbank.
Ёсць і менш вядомыя, але ключавыя для беларускіх прадпрыемстваў нямецкія партнёры. Напрыклад, кампанія Schaeffler, якая пастаўляе счапленні для трактароў Менскага трактарнага завода (МТЗ); прадпрыемства ў вырабе оптыкі Carl Zeiss, якое стварыла СП з БелОМА, і вытворца праграмнага забеспячэння для грамадскага транспарту HanseCom.
Нямеччына ўваходзіць у чацвёрку найважнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. Паводле звестак Белстата, агульны аб'ём імпарту ў РБ з ФРГ у 2019 годзе склаў блізу 1,5 мільярда еўраў. Нямецкія фірмы пастаўляюць у асноўным абсталяванне для тэхнічнага абсталявання, прадукцыю хімічнай і сумежных галін, транспартныя сродкі, а таксама пластмасу і вырабы з яе.
Сектаральныя санкцыі ўдараць па шараговых беларусах і па нямецкіх фірмах
«Нам хацелася б дамагчыся забароны (для кампаній з Нямеччыны. - Рэд.) на працу з усімі дзяржпрадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь і асацыяванымі фірмамі-пасярэднікамі, а таксама адключэння хоць бы двух галоўных банкаў краіны, а яшчэ лепш - усёй Беларусі ад SWIFT», - прадаўжае Малкін. Адключэнне ад міжнароднай сістэмы SWIFT і спыненне крэдытавання «Беларусбанка» і «Белаграпрамбанка» таксама патрабуе ад Захаду экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская.
Эканамістка і акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова мяркуе, што такія эканамічныя санкцыі не будуць мець неадкладнага негатыўнага эфекту, бо ў першую чаргу Беларусь імпартуе з ФРГ інвестыцыйныя тавары. «Але разрыў эканамічных сувязяў з Нямеччынай падарве патэнцыял абнаўлення абсталявання ў эканоміцы Беларусі і будзе мець істотны доўгатэрміновы эфект», - прагназуе экспэртка.
Увод такіх сектаральных эканамічных санкцый ударыць як па шараговых беларусах, так і па нямецкіх прадпрыемствах, так што, на думку Барнуковай, ён магчымы толькі ў выпадку сур'ёзнай эскалацыі гвалту з боку ўладаў Беларусі.
Нямецкі бізнэс насцярожана сочыць за пратэстамі ў Беларусі
Менавіта клопатам пра дабрабыт шараговых беларусаў тлумачыў яшчэ ў жніўні кіраўнік МЗС ФРГ Хайка Маас (Heiko Maas) пастанову не разглядаць эканамічныя санкцыі як сродак уздзеяння на Менск. Пакуль Еўрапейскі Звяз абмежаваўся толькі персанальнымі санкцыямі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння, а дэпутаты бундэстага заклікалі ўрад ФРГ падтрымаць грамадзянскую супольнасць і незалежныя беларускія СМІ.
Аднак нямецкі бізнэс насцярожана назірае за развіццём падзей у Беларусі. Кіраўнік Усходняга камітэта нямецкай эканомікі (арганізацыі, якая лабіюе інтарэсы нямецкіх фірмаў ва Усходняй Еўропе) Олівер Хермес (Oliver Hermes) нядаўна выступіў з рэзкай заявай, у якой адзначаецца, што «нельга адкладаць працэс мірнага дыялогу» паміж уладай і апазіцыяй у Беларусі. Хермес асудзіў масавыя запалохванні, арышты і ўжыванне гвалту супраць дэманстрантаў. Ён таксама заклікаў улады ў Менску знайсці палітычнае развязанне канфлікту, каб «не страціць давер уласнага насельніцтва, беларускіх фірмаў і міжнародных інвестараў».
На пытанне, як у такіх варунках ён расцэньвае прадаўжэнне супрацоўніцтва нямецкіх фірмаў з беларускімі дзяржпрадпрыемствамі, спадар Хермес адказаў, што не можа каментаваць дзеянні асобных кампаній. Кіраўнік прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Менску Уладзімір Аўгусцінскі таксама адмовіўся пракаментаваць сітуацыю, якая склалася.
Нямецкім фірмам патрэбен сігнал ад палітыкаў
У надзеі змяніць пазіцыю кампаніі Eickhoff актывісты беларускай дыяспары ў Нямеччыне яшчэ два разы прыходзілі да будынка прадпрыемства ў Бохуме. Апошнім разам - на мінулым тыдні. Але ніякай рэакцыі не было.
Тым часам аналагічныя пікеты праходзяць перад офісамі і іншых нямецкіх фірмаў. У пятніцу, 13 лістапада, 15 чалавек выйшлі з плакатамі да будынка кампаніі Hauni ў Гамбургу. Яна з'яўляецца вядучым вытворцам абсталявання для тытунёвай прамысловасці, якое пастаўляе, у тым ліку, і на найбуйнейшую ў Беларусі дзяржаўную тытунёвую фабрыку «Нёман» у Гародні.
Актывісты даведаліся пра планы паставак нямецкага абсталявання на тытунёвую фабрыку «Інтэр Табака», якая належыць бізнэсоўцу з атачэння Лукашэнкі Аляксею Алексіну. На лісты і пікеты актывістаў афіцыйныя прадстаўнікі Hauni не адрэагавалі.
Але актывісты не здаюцца. «Гэта будзе не апошні наш пікет ля Hauni», - паабяцаў адзін з удзельнікаў акцыі ў Гамбургу, IT-спецыяліст Дзмітрый Шулькін. Маладзён настроены аптымістычна і ўпэўнены, што іх актыўнасць прынясе плён. Іншыя прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Нямеччыне збіраюцца звярнуцца да мясцовых прафзвязаў і палітыкаў, а таксама прыцягнуць увагу нямецкай грамадскасці да таго, што фірмы з ФРГ супрацоўнічаюць з «крывавым рэжымам Лукашэнкі».
На акцыі салідарнасці з дэманстрантамі ў Беларусі, якая прайшла нядаўна ў Кёльне, выступіў кіраўнік рэгіянальнай ячэйкі Аб'яднання нямецкіх прафзвязаў (DGB) Ёрг Мерле (Jörg Mährle). Ён заявіў, што «прадпрыемствы ў Нямеччыне і Еўропе не павінны супрацоўнічаць з такімі краінамі, як Беларусь».
Каб нямецкія фірмы пачалі дзейнічаць, патрэбен сігнал зверху, мяркуе Лізавета Чыгрын. «Калі Нямеччына заявіць на палітычным узроўні, што больш не пастаўляе прадукцыю ў Беларусь у сувязі з тым, што там парушаюцца правы чалавека, канкрэтным фірмам будзе прасцей спыніць пастаўкі, яны будуць абароненыя, так як гэта не іх прыватная пастанова, а палітычная заява зверху».