Ксёндз Вячаслаў Барок звярнуўся да Папы Францішка ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі
19- 17.11.2020, 17:27
- 47,661
Святар апублікаваў зварот на сваім канале ў Youtube.
Тэкст звароту апублікаваў сайт «Радыё Свабода».
«Так здарылася, што ў нас улада краіны пачала вайну са сваім народам, - кажа ксёндз Вячаслаў Барок. - Крах спакою адбыўся ў час, калі сфальсіфікавалі выбары, высмеялі праўду і растапталі справядлівасць, бо на ўзроўні дзяржаўнага правасуддзя пачалі судзіць і караць не злачынцаў, але пацярпелых. У турмы садзяць не тых, хто б'е, але тых, каго б'юць... Ты, Папа Францішак, як ніхто іншы ведаеш, як усё перакручваецца з ног на галаву, калі ўладу ў краіне захоплівае ваенная хунта. Досвед тваёй Радзімы, Аргенціны, з бруднай вайной 1976-1983 гадоў і яе ахвярамі, калі за сем гадоў пацярпела амаль 100 тысяч чалавек, напэўна, добра табе дазваляе зразумець нашу сітуацыю...» - гаворыцца ў звароце.
У канцы відэа ксёндз Вячаслаў Барок пытае ў Папы Францішка:
«У энцыкліцы «ўсе браты» ты казаў, што ў прыпавесці пра самараніна трэба знайсці сваю ролю. Я знайшоў. Я, не маючы іншых магчымасцяў, лёг побач з пабітым і пакрыўджаным чалавекам - такой я сёння бачу Беларусь і яе народ, які прачнуўся. Папа, скажы, а ў ролі каго ты сябе бачыш, кажучы пра Беларусь? Ужываючы тэрміны прыпавесці, я разумею, што бандыты надалей застаюцца на дарозе, дзе збіваюць чалавека. Пакуль, з прычыны гэтага, няма магчымасці, каб ты наведаў нашу краіну, але, тым не менш, як ты сябе бачыш, якая твая роля, Папа Францішак? Напэўна, твой адказ дапаможа Беларусі»