18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША, ЕЗ, Вялікабрытанія і Швейцарыя заклікалі рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць гвалт у дачыненні да народа

68
ЗША, ЕЗ, Вялікабрытанія і Швейцарыя заклікалі рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць гвалт у дачыненні да народа
ФОТА: ONLINER.BY

Краіны выступілі з сумеснай заявай.

Прадстаўніцтва ЕЗ ад імя дзяржаў-сябраў, прадстаўленых у Менску, пасольства Вялікабрытаніі, Швейцарыі і ЗША прынялі сумесную заяву ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Дакумент размешчаны на афіцыйным сайце ЕЗ.

- Мы асуджаем пашырэнне прымянення гвалту і парушэнне правоў чалавека і грамадзянскіх правоў у Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Колькасць затрыманняў мірных дэманстрантаў набліжаецца да 30 000. Колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў набліжаецца да 900. Спіс палітычных вязняў працягвае пашырацца і налічвае больш за 100 імёнаў. Няма ўказанняў на тое, што ўлады расследуюць тысячы заяў пра жорсткасць з боку сілавых структур, пададзеных з сярэдзіны жніўня, або забойства пратэстоўцаў, у тым ліку зусім нядаўняе забойства Рамана Бандарэнкі, - гаворыцца ў заяве.

Дыпламаты адзначаюць, што рэпрэсіяў не пазбегла практычна ні адна прафесійная ці сацыяльная група ў краіне, але асабліва жорсткі ціск аказваецца на медыцынскія і акадэмічныя супольнасці, а таксама СМІ.

Яны нагадваюць, што неаднаразова прасілі рэжым Лукашэнкі дапусціць іх да палітычных зняволеных, а таксама ў пенітэцыярныя ўстановы, каб праверыць паведамленні пра жахлівыя ўмовы ўтрымання і нялюдскае абыходжанне з затрыманымі. Аднак рэжым Лукашэнкі адказвае на дыпламатычныя намаганні «выгнаннем і запалохваннем нашых калег».

- Спасылаючыся на нашы папярэднія заявы, мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць гвалт у дачыненні да ўласнага народа і вызваліць усіх несправядліва затрыманых. Мы настойліва заклікаем улады выконваць і паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды беларускага народа. Мы працягнем гучна і адкрыта рэагаваць на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. Не можа быць нармалізацыі адносін з рэжымам, які жорстка душыць свой уласны народ.

Мы гатовыя аказваць падтрымку і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі з мэтай устойлівага развязання цяперашняга крызісу, захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць Беларусі і спрыяючы яе бяспечнай, дэмакратычнай і шчаснай будучыні, - адзначаецца ў сумеснай заяве.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках