На волю выйшаў актор Аляксандр Ждановіч
7- 17.11.2020, 20:52
- 36,519
Актор быў затрыманы за тое, што заступіўся за жанчыну.
Пасля 9 дзён арышту выйшаў на волю актор менскага тэатра імя Горкага Аляксандр Ждановіч, вядомы большасці як Маляваныч з тэлеперадачы «Калыханка». Свой арышт ён адбываў у ІЧУ ў Жодзіна.
Актора затрымалі 8 лістапада падчас маршу на праспекце Пераможцаў. Ждановіч заступіўся за жанчыну, пасля чаго яго і затрымалі.
На судзе ён даведаўся, што ў пратаколе запісана, быццам ён хадзіў і выкрыкваў лозунгі. Ждановіч не пагадзіўся з абвінавачваннямі і атрымаў 9 дзён.
«Потым у камеры было 13 чалавек, далі вату (матрацы). Гэта была цудоўная кампанія, выдатныя мужчыны. У мяне такое адчуванне, што існуюць дзве Беларусі: тыя, хто за межамі камеры, і тыя, хто ўнутры. Унутры была абсалютная гармонія. Розныя людзі: ад дырэктара ІТ-кампаніі да гаспадара СТА, усе аднадушныя ў бачанні сітуацыі. Я ім чытаў «Яўгенія Анегіна» каля парашы, О. Генры. Гэта ўсё добра заходзіла», - паведамляе «Радыё Свабода» словы актора.
Спальных месцаў у камеры на ўсіх не хапала, таму спаць даводзілася і на стале. Аляксандр кажа, што ўбачыў «тупое хамства» некаторых супрацоўнікаў ІЧУ. На прагулкі на працягу дзевяці дзён не выводзілі.
На волі Ждановіча сустракалі сын, стрыечная сястра і пляменніца. «І калі мяне ў ІЧУ сустрэла вялікая група актораў з нашага тэатра, гэта было вельмі прыемна. На сутках няма ніякай крыніцы інфармацыі, невядома, што адбываецца. Цяпер мяне чакае шмат навін», - дадае актор.