Следчы камітэт распачаў крымінальную справу адразу на 231 удзельніка Марша ў Менску
45- 2.11.2020, 15:46
- 44,506
Гэта 80% затрыманых пасля акцыі.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу адразу на 231 чалавека, паведамляе прэс-служба ўстановы. Яны прызнаныя «падазраванымі ў масавых беспарадках» у Менску 1 лістапада, паведамляе «Еўрарадыё». Адзначаецца, што гэта 80% затрыманых пасля Марша.
У гэты дзень у Беларусі адзначаліся Дзяды, у сталіцы прайшоў Марш супраць тэрору. Сілавікі жорстка разганялі мірных дэманстрантаў, выкарыстоўваючы светлашумавыя гранаты і іншыя спецсродкі.
У СК адзначаюць, што ў Менску затрымалі некалькі сотняў чалавек. «Іх дзеянні былі спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнулі парушэнне работы транспарту і арганізацый. Таксама пашкоджаныя аб'екты гарадской інфраструктуры і аўтамабіль органаў унутраных спраў», - заяўляе прэс-служба СК.
Цяпер следчыя высвятляюць, хто яшчэ меў дачыненне да падзей 1 лістапада.
Можна меркаваць, што менавіта паводле гэтай справы выставілі абвінавачванне журналістам Змітру Солтану (Буянава), Змітру Краўчуку і Арцёму Багаслаўскаму.