Даклад АБСЕ: Беларускія ўлады фальсіфікавалі выбары і масава парушаюць правы чалавека
29- 2.11.2020, 18:00
- 76,541
Павінны быць арганізаваныя новыя выбары, вызваленыя палітвязні і журналісты.
У дакладзе АБСЕ аб сітуацыі ў Беларусі да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня гаворыцца, што ёсць «пераканаўчыя довады» фальсіфікацыі вынікаў галасавання і таго, што «беларускія сілы бяспекі сістэматычна парушалі правы чалавека ў адказ на мірныя дэманстрацыі і пратэсты», паведамляе «Радыё Свабода».
58-старонкавы даклад аўстрыйскага прафесара міжнароднага права Вольфганга Бенедэка будзе прадстаўлены Сталай радзе АБСЕ 5 лістапада. У дакуменце гаворыцца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі ні празрыстымі, ні свабоднымі, ні справядлівымі.
Дакладчык адзначае, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў перадвыбарчы і паслявыбарчы перыяд былі масавымі і сістэматычнымі ды спраўджанымі. «Асабліва непакоіць тое, што добра задакументаваныя выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання з палітычнымі актывістамі яшчэ не прывялі да судовага пераследу, што пацвярджае сцвярджэнні пра агульную беспакаранасць, у тым ліку праз адсутнасць справядлівага судовага разбору палітычных спраў».
Справаздача аб сітуацыі ў Беларусі з'явілася пасля таго, як 17 верасня 2020 года 17 краін-удзельніц АБСЕ запусцілі так званы «маскоўскі механізм» для разгляду меркаваных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Механізм дазваляе групе з дзясяці ці больш дзяржаў-удзельніц АБСЕ стварыць экспэртную місію для вывучэння пагроз правам чалавека ў краінах-чальцах.
Бенедэк, аўтар справаздачы АБСЕ аб парушэннях правоў чалавека ў Чачэніі ў 2018 годзе, неўзабаве пасля гэтага быў прызначаны дакладчыкам аб Беларусі, але яму было адмоўлена ў візе для паездкі ў Беларусь.
Ягоныя 65 рэкамендацый беларускім уладам у справаздачы ўключаюць скасаванне афіцыйных вынікаў галасавання 9 жніўня і арганізацыю новых выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама вызваленне палітвязняў і журналістаў.
У справаздачы таксама рэкамендуецца, каб міжнародная супольнасць «прыцягвала да адказнасці, дзе гэта магчыма, вінаватых у катаваннях і жорсткім абыходжанні з боку беларускіх сіл бяспекі і іх начальства», а таксама быў створаны незалежны міжнародны орган для «расследавання парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў».