Курс еўра ў Расеі перавысіў 94 рублі
11- 2.11.2020, 20:05
- 23,825
Экспэрты звязваюць падзенне курсу расейскай валюты з пандэміяй і нізкімі коштамі нафты.
Расейская валюта працягвае падаць. Курс еўра ў панядзелак, 2 лістапада, абнавіў максімум снежня 2014 года, перавысіўшы 94 рублі. Даляр упершыню з 30 сакавіка пераадолеў адзнаку ў 80 рублёў, дайшоўшы практычна да 81 рубля, паведамляе DW.
Адной з галоўных прычын падзення курсу расейскай валюты экспэрты называюць пандэмію каранавіруса. Акрамя таго, новыя лакдаўны, ужо ўведзеныя ў шэрагу краін Еўропы прыводзяць да зніжэння попыту нафты і нафтапрадуктаў і падзення коштаў на іх.
Як адзначае выданне «Эхо Москвы», цэны нафты цяпер адыгралі частку страт, але працягваюць знаходзіцца блізу мінімальнага ўзроўню больш чым за чатыры месяцы. Дадатковы ціск нафты аказвае рост вытворчасці сыравіны, паказвае выданне «Коммерсант». Так, у Лівіі за два месяцы штосутачная здабыча нафты ўзрасла з 100 да 800 тысяч барэляў. Да пачатку 2021 года плануецца давесці яе да 1,3 млн барэляў у дзень. Колькасць актыўных буравых установак у ЗША за тыдзень павялічылася на дзесяць - да 221.
РБК адзначае нявызначанасць на валютных рынках напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, паказваючы, што высокая верагоднасць перамогі на іх Джо Байдэна з'яўляецца дадатковым дэстабілізуючым фактарам для расейскай валюты.