20 траўня 2024, панядзелак, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Супраць народу ўлады разьвязалі сапраўдны тэрор

4
Алесь Бяляцкі: Супраць народу ўлады разьвязалі сапраўдны тэрор
Алесь Бяляцкі

Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў.

У панядзелак 2 лістапада Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што пасьля нядзельнай акцыі ў Менску «Дзяды» пачаў крымінальную справу за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342 КК РБ), паведамляе svaboda.org.

І падазраванымі па гэтай справе адразу прызнаны ажно 231 чалавек. Сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца, паведамляе СК.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выказаўся з нагоды новай маштабнай крымінальнай справы.

«За апошнія тры месяцы 2020 году ў Беларусі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту былі арыштаваныя каля 17 000 чалавек, каля 1000 асобаў падазраюцца ці абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах па палітычных матывах. Супрацоўнікі міліцыі падчас масавых маніфэстацыяў у жніўні гэтага году забілі Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, Аляксандр Віхор памёр пасьля затрыманьня ў аўтазаку, Мікіта Крыўцоў загінуў пры нявысьветленых абставінах. Больш за тысячу мірных дэманстрантаў былі параненыя і зьвярнуліся ў шпіталі па мэдычную дапамогу. Тысячы нашых суайчыньнікаў катавалі, ім ламалі рукі, ногі, іх гвалтавалі, зь іх зьдзекаваліся. Сьледчы камітэт не распачаў ніводнай крымінальнай справы па сотнях і сотнях заяваў, пададзеных нашымі грамадзянамі.

Адначасова, 2 лістапада Сьледчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па крымінальным артыкуле 342, які стаў вельмі папулярным ва ўладаў з гэтага лета, за, як быццам бы, арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Беспрэцэдэнтная колькасьць падазраваных па гэтай справе — 231 чалавек з тых, што былі ўчора затрыманыя падчас маршу на Курапаты. Улады перакрочылі межы лёгікі і сэнсу.

Масавыя злачынствы супраць беларускага народу працягваюцца. Упершыню з 1988-га году было разагнанае народнае шэсьце ў дзень памяці продкаў Дзяды. Былі груба парушаны, затаптаныя ў бруд народныя традыцыі, этыка і звычайная чалавечая прыстойнасьць. Супраць мірных дэманстрантаў выкарыстоўваліся спэцсродкі, іх абстрэльвалі гумовымі кулямі, у іх кідалі сьвятлошумавыя гранаты, іх беспадстаўна зьбівалі пры затрыманьні, зь іх зьдзекаваліся падчас транспартаваньня ў аддзелы міліцыі.

Відавочна, што загад на гвалт і на распачынаньне гэтай мэга-крымінальнай справы быў аддадзены з самага верху.

Парушэньні правоў чалавека ў краіне дасягнулі нябачных дагэтуль маштабаў. Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў. Супраць народу ўлады разьвязалі сапраўдны тэрор. Беларусь хутка скатваецца ў сьвірэпы таталітарызм», — піша Алесь Бяляцкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках