2 траўня 2024, Чацвер, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Беларуская эканамічная мадэль зазнала крах

31
Леанід Злотнікаў: Беларуская эканамічная мадэль зазнала крах
ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ

Яна не здольная да развіцця.

З самага пачатку будаўніцтва «беларускай эканамічнай мадэлі» эканаміст Леанід Злотнікаў прадказваў беларускай эканоміцы крах. Не адмовіўся ён ад свайго меркавання і ў «мядовыя» гады, калі беларуская эканоміка расла на 9% за год, зняпраўджваючы апанентаў сацыялістычнага ўкладу. Сёння Леанід Злотнікаў канстатуе, што ён мае рацыю.

На яго думку, крах беларускай мадэлі быў відавочны: яна не здольная да развіцця.

Пра «хвалебны шлях» беларускай эканамічнай мадэлі і яе бясслаўны канец Леанід Злотнікаў распавядае карэспандэнту «Белорусы и рынок».

- Як увогуле атрымалася, што месцам працягу небывалага сацыяльнага экспэрыменту стала Беларусь?

- Пасля распаду СССР высветлілася, што высокі жыццёвы ўзровень беларусаў забяспечваўся дыспарытэтам цэн, які існаваў у СССР. Меркавалася, што тут добрая эканоміка, што рэспубліка добра забяспечваецца. Але высветлілася, што ў рынкавых умовах такая эканоміка выжыць не можа, а тым больш забяспечыць звыклы жыццёвы ўзровень. Цэны тавараў, якія БССР экспартавала ў Расею, былі ў 2,5-3 разы вышэйшыя за кошты сусветнага рынку, а на тавары, якія пастаўляюцца з Расеі, цэны, наадварот, былі заніжаныя. Пасля распаду СССР цэны пачалі выраўноўвацца, набліжаючыся да сусветных, і тут высветлілася, што раней, каб купіць тону нафты, дастаткова было прадаць дзве пары беларускіх басаножак, а цяпер за адну тону нафты трэба прадаць некалькі дзясяткаў пар басаножак.

Узровень жыцця ў Беларусі стаў падаць хутчэй, чым у іншых былых саюзных рэспубліках, і да 1994 году ўпаў адсоткаў на 40-45 у параўнанні з 1990 годам. Насельніцтва было незадаволенае, заводы, якія ўважаліся за гонар Беларусі, пакаціліся ўніз - апынулася, што яны не толькі вырабляюць прадукцыю завышанымі коштамі, але яна яшчэ і нізкай якасці, за мяжой можна было набыць тавары танней і лепшыя. Прадпрыемствы пачалі прыходзіць у заняпад, найперш заводы, якія выпускаюць электроніку.

- Але ж тое ж самае адбывалася і ў іншых рэспубліках. Чаму менавіта ў нас закрыццё прадпрыемстваў сапраўды вельмі востра ўспрымалася насельніцтвам?

- З 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі ішла паскораная урбанізацыя. Насельніцтва з вёсак пераязджае ў горад, уладкоўвалася на заводы, атрымлівала кватэры, узровень і якасць жыцця раслі. І раптам гэта было пастаўлена пад пагрозу. І тады ў 1994 годзе на самым дне гэтага спаду выбралі прэзідэнта-папуліста. Ён абяцаў працягнуць тыя метады кіравання, той вектар развіцця эканомікі, які быў у СССР. Яго галоўнымі абяцаннямі былі «цвёрдыя цэны» і «запусціць заводы». Так з тых часоў гэтая палітыка і працягваецца. Такая эканоміка не можа існаваць без замежнай падтрымкі.

- Вось тады і пайшлі ў ход «асаблівыя дачыненні» з Расеяй?

- Усе гэтыя гады беларуская эканоміка існавала за кошт падтрымкі Расеі. Цяпер мяркуецца, што за ўсе гады Беларусь атрымала ад Расеі амаль 100 млрд даляраў субсідый у энэрганосьбітах ды іншых кірунках. У 2010 годзе на Усебеларускі народны сход прыязджалі расейскія камуністы, і іх лідар Генадзь Зюганаў заявіў, што беларусы даказалі ўсяму свету, што і сацыялістычная эканоміка можа быць эфектыўнай.

Так, Беларусь тады ўваходзіла лік краін з самымі высокімі тэмпамі росту, але ніхто не звязваў гэты рост з нізкімі цэнамі нафты, а потым - з імклівым нарастаннем запазычанасці. Але пасля 2012 года рост стаў скарачацца, і цяпер улады не могуць забяспечыць нават заробак, эквівалентны 500 даляраў, самы нізкую ў рэгіёне.

- Які вынік гэтай «падтрымкі»?

- Эканоміка затармазілася, апошнія 8-10 гадоў узровень жыцця не расце, калі глядзець на ўзровень спажывання. Прычына адна: спроба кіраваць эканомікай каманднымі метадамі. Зараз беларуская эканоміка сыходзіць ад сацыялізму, але большая частка яе ўсё адно засталася азіяцкай, калі праз вертыкаль даводзяцца заданні, усё кантралюецца, усталёўваюцца паказчыкі, выканаць якія немагчыма. Такая эканоміка не можа функцыянаваць, і мне было зразумела гэта з самага пачатку. Было ясна, што гэта дрэнна скончыцца, што другая ў гісторыі спроба захаваць неэфектыўную сацыялістычную сістэму праваліцца.

Галоўнай прычынай спаду беларускай эканомікі з'яўляецца сыход ад рынку, рынкавыя дачыненні тут былі здушаныя ў зародку. Напрыклад, быў створаны Першы інвестыцыйны фонд, куды людзі ўкладвалі свае чэкі «Маёмасць», каб фонд кіраваў імі, таму што ў тыя гады людзі не маглі яшчэ эфектыўна кіраваць чэкамі. Гэты фонд пачынаў, як на Захадзе, акумуляваць чэкі з мэтай узяць удзел у прыватызацыі прадпрыемстваў, а потым з выгадай іх прадаваць, выплачваючы людзям прыбытак. Лукашэнка, зразумеўшы, што гэта такое, закрыў гэты фонд, і гэта было практычна першае, што ён зрабіў.

Было зроблена некалькі няўдалых спробаў замарозіць цэны. Рэгуляваць цэны на мікраўзроўні немагчыма. Гэта можна рабіць, толькі не разумеючы, што такое эканоміка, і наколькі яна складаная. Працягвалі даводзіць недасяжныя паказчыкі. Напрыклад, аднойчы прэзідэнт выпусціў указ: за тры гады знізіць сабекошт на ўсіх прадпрыемствах на 25%. Але ж гэта немагчыма: у кожнага прадпрыемства свая сітуацыя, хтосьці можа знізіць на 5%, хтосьці на 25%, а большасць наогул не можа. Прадпрыемствы загачвалі планамі павелічэння экспарту, не лічачыся з іх становішчам. Аднойчы прадпрыемствам загадалі павялічыць экспарт за тры месяцы да канца года, і гэта прадпісанне райвыканкам даслаў нават на адрас замежнай амбасады, якая са здзіўленнем паказала гэтае прадпісанне мне. Зразумела, што такое кіраванне не дае развівацца бізнэсу, а толькі заблытвае дырэктарат дзяржпрадпрыемстваў. Адсутнасць рэформаў прыкрывалася клопатам аб народзе: мы беражом свой народ, мы не хочам, каб людзі адчувалі цяжкасці, і мы не будзем спяшацца з гэтымі рэформамі.

Была пабудаваная мадэль дзяржавы, калі ўлада і ўласнасць знаходзяцца ў адных руках. Прадпрыемства можа называцца прыватным, акцыянерным, але калі зверху яму кажуць, што рабіць, колькі чаго выпусціць, то ясна, што формай гэта азіяцкая мадэль. Такія эканомікі не бываюць эфектыўнымі, яны не развіваюцца, яны адстаюць ад прагрэсу. І гэта мы назіраем у Беларусі.

- У апошні час на прадпрыемствах шмат аварый. Вы звязваеце гэта з неэфектыўнай сістэмай гаспадарання?

- Адміністрацыйнае кіраванне прадпрыемствамі немагчыма праз складанасці. Ім усталёўваюць сістэму паказчыкаў, а потым караюць за іх невыкананне. А не было б такой сістэмы - не было б чаго рабіць «вертыкалі». Такая сістэма - дай заўтра больш, дай заўтра больш, нават калі ў прадпрыемства няма магчымасцяў, - не дазваляе прадпрыемству абнаўляць асноўныя фонды, мяняць абсталяванне, інакш план не выканаеш. А планы заўсёды былі напружаныя.

Дырэктарат заўсёды быў на падазрэнні ў дзяржструктур, там думалі, што дырэктары крадуць. Таму падчас мадэрнізацыі і пасля яе прадпрыемства бясконца правяралі розныя кантрольныя органы, ці не скрадзена чаго. А такіх структур у нас вялікае мноства. Кантралёры таксама патрабуюць кантралёраў: калі ты не выявіў злачынства, значыць, сам злачынец, хаваеш злачынства. Такім чынам, трэба нешта выявіць. Ім трэба выканаць план раскрыцця парушэнняў.

Яшчэ свежая ў памяці справа галоўнага інжынера МЗКЦ, які правёў у зняволенні пад следствам амаль 50 месяцаў, але ў судзе віна яго так і засталася недаказанай.

Доўга быў на слыху і Шклоўскі завод газетнай паперы, падчас будаўніцтва якога ішло змаганне з ірэктаратам - «раскрадальнікамі інвестыцый». На прадпрыемства высунуліся процьмы кантралёраў, суды саджалі і саджалі людзей. У выніку кіраўніцтва завода купляе на кандапожскім камбінаце (Расея) самае таннае абсталяванне, якое ў свой час было там спісанае. Нічога, што яно ўжо зношанае і неэфектыўнае, але затое ніхто не чапляўся і нікога не пасадзяць.

Гэтага Лукашэнка не разумеў, а ўвесь час патрабаваў і патрабаваў. Ён казаў, што асноўная праблема - знайсці людзей, тых нармальных людзей, якія выканаюць план. Былі факты, калі дырэктары не спраўляліся з «планамі» і заканчвалі жыццё самагубствам.

Гэта значыць ўяўленне кіраўніцтва краіны аб працы вытворчасці дастаткова павярхоўнае. Адсюль і аварыі: абсталяванне зношанае або самае таннае.

Ужо нідзе ў свеце на ўзроўні дзяржавы не дыктуюць прадпрыемствам, колькі і чаго вырабіць. Нічога не зробіш, буйнымі сістэмамі немагчыма кіраваць. Эканоміка кіруецца цэнамі, а кошты - гэта стыхія, яны змяняюцца пад уплывам патрэб людзей, на якія ніякія ўлады ўплываць не могуць. Гэта вельмі складаны механізм, рэгуляваць які адміністрацыйным шляхам немагчыма.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках