2 траўня 2024, Чацвер, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі назваў слабыя месцы беларускай улады

21
Былы амбасадар Украіны ў Беларусі назваў слабыя месцы беларускай улады
РАМАН БЯССМЕРТНЫ

Раман Бяссмертны мяркуе, што Лукашэнка адарваны ад рэальнасці.

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны распавёў currenttimes.tv, як змяніўся Лукашэнка за час кіравання і ці ёсць у пратэстаў шанец пабудаваць дачыненні і з Расеяй, і з Захадам.

- Раман, у той час, калі вы былі амбасадарам у Беларусі, наколькі добра вы ведалі Аляксандра Лукашэнку?

- Як і ўсе паслы, не толькі з фармальнага пункту гледжання, але і фактычна. Тым больш гэта суседняя дзяржава. Мне ў свой час давялося працаваць з прэзідэнтам Леанідам Кучмам, з прэзідэнтам Віктарам Юшчанкам, і ўсе яны па-свойму, але будавалі стасункі з суседняй дзяржавай, а значыць, і працавалі з Лукашэнкам.

Больш за ўсё, не толькі з пункту гледжання кантактаў, але і рабочых праграм і праектаў, гэтая праца будавалася ў Віктара Юшчанкі як прэзідэнта Украіны. Узгадаць хоць бы праекты аб энэргакалідорах, вяртанне аверса Адэса - Броды, нафтаправоды і гэтак далей. Дастаткова кантактаў было, тым больш што гадавое тавараабарачэнне на той момант складала больш за $7 млрд. Гэта вельмі шмат дачыненняў. Ну і ўвесь час працавала міжурадавая камісія, якая бесперапынна сустракалася і на ўзроўні ўрадаў, і на ўзроўні прэзідэнтаў.

- Раман, вы былі паслом блізу дзесяць гадоў таму. Як вы думаеце, Аляксандр Лукашэнка з таго часу змяніўся?

- Не. Калі браць Лукашэнку ад 1994 году - пачатку ягонай кар'еры - да сённяшняга дня, то напраўду гэта такі тып, у якім жыве комплекс савецкага старшыні калгасу. Які дэспатычным шляхам будуе сваю сістэму кіравання. У савецкі час гэта называлася «моцны гаспадарнік», які не толькі мацюкаецца і выкарыстоўвае нармальныя словы для звязвання лаянкі, але ён можа і стукнуць, і вельмі груба пакараць чалавека. Гэта ўсё жыве ў чалавеку, які называецца Лукашэнка. Але насамрэч гэта чалавек з комплексам старшыні калгасу.

- Як вы мяркуеце, Раман, Лукашэнка самастойны палітык ці ён дзейнічае настолькі, наколькі яму дазваляюць?

- У людзей такога складу, як Лукашэнка, ёсць прыказка, у якой вытокі ў тым жа савецкім рэжыме. «Ласкавае цялё смокча двух кароў». Яны заўсёды бегалі паміж абкамамі партыі, райкамамі партыі, атрымлівалі адказ. Гэты чалавек не можа быць самастойны, у яго ёсць гаспадар. Гэты гаспадар у Крамлі. Такія тыпажы, яны будуць займацца бравадай, яны будуць распавядаць, што яны змагаюцца за незалежнасць дзяржавы, але яны не могуць абыходзіцца без гаспадара. Таму там усё абсалютна дакладна і зразумела. Сёння беларус змагаецца не супраць Лукашэнкі, ён змагаецца супраць Крамля. А Лукашэнка - гэта проста аператар. Гэта старшыня калгасу ў дзяржаве Крамля.

- Як вы мяркуеце, самі беларусы разумеюць, што яны змагаюцца супраць Крамля, ці не?

- Беларусы сёння спрабуюць падаць Еўропе новую сістэму. Яны ў сабе бачаць той мост, які здольны злучыць Брусэль і Крэмль. Гэта вельмі цяжкая задача. Давайце дазволім ім прэтэндаваць на такую ролю, але ўсё ж разумець, што яны ў чымсьці памыляюцца. Таму што гэтую ролю яны адводзяць сабе, але гэтую ролю ім не дасць выканаць Крэмль. Таму гэта вялікая памылка, і гэта памылка не толькі грамадства, гэта памылка лідараў, якія дэкларуюць пабудову дзяржавы і грамадства, здольнага такую ролю адыгрываць паміж абсалютна несупастаўнымі і не здольнымі да аб’яднання каштоўнасцямі еўрапейскай супольнасці і расейскай.

- Як вы думаеце, Аляксандр Лукашэнка разумее рэальны стан спраў у Беларусі, ці ён жыве ў нейкім сваім выдуманым свеце, або ад яго ўтойваюць інфармацыю?

- Чалавек, які прабыў на пасадзе прэзідэнта больш за два тэрміны, ён наогул не ўяўляе рэальнага свету. Ён жыве ў сваім свеце. Мне давялося працаваць не з адным прэзідэнтам, я проста разумею, наколькі гэтыя людзі жывуць сваім прэзідэнцкім светам. Ведаеце, чалавек, які толькі пакінуў пасаду прэзідэнта, на якім было больш за два тэрміны, ён тры-чатыры гады толькі выходзіць з гэтага амплуа. Таму ён жыве ў сваім свеце, і ён не разумее, рэальна не разумее, што адбываецца.

- Як вы мяркуеце, ці ёсць слабыя месцы ў беларускай улады, калі ёсць - якія яны?

- Самае слабое месца - гэта комплекс. Гэтая ўлада грунтуецца на комплексе абсалютна памылковых ідэалагічных пасылаў. Першы пасыл - гэта «Брат-Крэмль», другі - гэта «геній савецкай прамысловасці». Трэці - гэта спроба знайсці агульнасць паміж двума абсалютна рознымі цывілізацыйнымі выбарамі. Таму што беларус - ён еўрапеец. І яны шукаюць цяпер у цывілізацыі, абсалютна несумяшчальнай з еўрапейскімі каштоўнасцямі, нейкае яднанне. І цэлы шэраг іншых комплексаў, памылковых абсалютна.

- Калі беларус - еўрапеец, як вы мяркуеце, свет, Еўразвяз, ЗША досыць рашуча рэагуюць на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі?

- На жаль, і Еўропа, і Злучаныя Штаты Амерыкі, а больш за ўсё найбліжэйшыя суседзі Беларусі, я маю на ўвазе Украіну, Польшчу і Літву, яны занадта доўга разгойдваюцца і не выкарыстоўваюць магчымасці для ціску на Лукашэнку, на рэжым Лукашэнкі, які кіруецца з Крамля. Акурат важна вось гэтае разуменне, што гэта не Лукашэнка. Важна ўзмацняць ціск на Крэмль, што дасць магчымасць узмацняць ціск на Лукашэнку і тым самым дамагчыся дапамогі беларускаму грамадству.

- Што б вы цяпер сказалі Аляксандру Лукашэнку?

- Сыходзь. Сыходзь. Як заўгодна, але ён павінен сысці адтуль. Гэта адзіны шанец і яму пазбегнуць асабістай трагедыі, і даць магчымасць Беларусі нармальна развівацца. Праз выбары пазачарговыя абраць уладу, сфармуляваць адэкватную сістэму кіравання.

- Вы думаеце, што ў Лукашэнкі яшчэ ёсць шанец мірна сысці?

- Скажам так, я дапускаю гэты варыянт, разумеючы рэакцыю грамадства. Але далейшае развіццё сітуацыі мінімізуе варыянт яе мірнага развязання.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках