18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларускім пенсіянерам не сядзіцца дома

7
Чаму беларускім пенсіянерам не сядзіцца дома
Фота: «Радыё Свабода»

Аповяд удзельніцы маршаў пратэсту.

Удзельніца ўсіх маршаў пенсіянераў і старшыня ініцыятывы «Наша пакаленне» Таццяна Зялко адказала на пытанні "Радыё Свабода".

Чаму пенсіянерам «не сядзіцца дома»

Мне 67 гадоў, і ўсе гэтыя гады я чакаю лепшага жыцця. У дзяцінстве мы чакалі развітога сацыялізму, пасля чакалі камунізму, затым свабоды і дэмакратыі. І я ўсё жыццё чакаю, што я калі-небудзь буду жыць лёгка, свабодна і заможна. Каб я магла кудысьці паехаць, каб дзесьці адпачыць, убачыць нешта новае. Я хачу жыць на ўзроўні еўрапейскіх пенсіянераў. Вось чаго мне не стае. І, мабыць, не толькі мне. Я хачу хоць рэшту жыцця пражыць нармальна.

Чаму пенсіянеры не развязваюць свае пытанні «не на вуліцы»

Я б сама пайшла на выбары, калі б яны ў нас былі. Але іх у нас 25 гадоў як няма. У нас імітацыя выбараў. Я была ў камісіях, назірала. А апошнія выбары нават я не чакала такога хамства і самаўпраўнасці, дарэчы, за нашы грошы. Нас не пусцілі нават на парог ўчастка. Мяне асабіста ў карак выганялі са школы, не дазвалялі блізка падысці. Але мы і так бачылі, хто прыходзіў па 3-5 разоў галасаваць. Гэта наша «доблесная міліцыя», мы гэта раскрылі. Яны карусель на участках. Мы некалькі разоў спрабавалі зарэгістраваць сваю ініцыятыву пенсіянераў. Нам адмаўлялі.

Чаму пенсіянеры больш не «апора Лукашэнкі»

Не толькі пенсіянеры зразумелі, што трэба нешта мяняць у нашай краіне. Людзі падняліся. Яны стаміліся ад хлусні, ад існавання, а не жыцця. Яны ведалі, за каго яны галасавалі, і вырашылі абараніць свой голас.

Не ўсе пенсіянеры былі пагалоўна «электаратам». Большая частка і не была. Проста людзі сталага ўзросту выйшлі з СССР. А там мы звыклі, што калі нам нешта скажуць, то мы павінны гэта і рабіць. Гэта ўжо менталітэт. Але тут ужо і звычка, і надзея, усё ляснулася.

Нас труцілі газам, кідалі гранаты. Тым не менш мы не адступілі. Адкрылі аўтобусы і не далі ім з'ехаць. Пенсіянеры больш не баяцца, ім няма чаго страчваць, і яны гэта зразумелі.

«Хочаце як ва Украіне»?

Хачу. Там свабодна дыхаецца. Там можна казаць усё, што ты думаеш. Там, калі людзі хочуць змяніць жыццё, яны яго мяняюць. Там мяняецца прэзідэнт. Не спадабаўся? Замянілі. Гэты не спадабаецца? І гэтага зменяць.

І ўзровень жыцця, пры ўсёй іх беднасці і вайне, там вышэйшы. Людзі рваліся на Украіну, каб купіць паесці і адзецца. А ў нас жа такая квітнеючая краіна.

Навошта выходзіць на вуліцу?

Трэба паказаць, што мы іх не баімся. Больш за ўсё ім падабаецца, калі мы іх баімся і калі ад іх уцякаем. Калі мы не ўцякаем, то яны ў разгубленасці. Па-другое, нам трэба абараніць нашых дзяцей.

Калі сілавікі спрабавалі затрымліваць лекараў, якія выйшлі нас падтрымаць, мы, бабулі, сталі ў счэпку і сказалі: «Не праедзеце». Яны ўсіх адпусцілі і далі паказаць, што ў аўтобусе няма нікога, акрамя іх. Падышлі да нас і кажуць: «Дайце нам з'ехаць». Пачалі размаўляць. Я яму сказала: «Я з табой размаўляю з адкрытым тварам. Я да Караева зварот запісвала з адкрытым тварам. Чаму ты з закрытым?». Стаіць, калоціцца, у адной руцэ дубінка, у іншай балончык.

У мяне праз дарогу цэлы дом з імі, з амапаўцамі. 20 паверхаў. Дык яны, бывае, у балаклавах выгульваюць дзяцей. Яны баяцца паказаць твар. Ставяць свае аўтамабілі ля нас і абыходзяць дзясятай дарогай, каб патрапіць у свой дом. Яны баяцца, бо правадыры з'едуць, а яны застануцца».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках