Эканамічны пратэст: беларусы прымусілі панервавацца прэм'ера Галоўчанку
9- 3.11.2020, 11:10
- 37,721
Банкі адзначаюць значны адток укладаў насельніцтва ў замежнай валюце.
За два апошнія месяцы пратэстаў беларусы скарацілі куплю валюты, паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў эфіры «Беларусь1».
«Я спадзяюся, што разумныя пачуцці возьмуць ўверх і сітуацыя на фінансавым рынку канчаткова стабілізуецца», - цытуюць заяву Галоўчанкі naviny.by.
Банкі адзначаюць значны адток укладаў насельніцтва ў замежнай валюце.
Прычынамі фінансавай нестабільнасці ў краіне прэм'ер назваў «элементы скаардынаванай кампаніі, закліканай нанесці эканамічную шкоду краіне».
Так і ёсць. Пачынаючы з 9 жніўня беларусы заклікаюць адзін аднаго ўсяляк байкатаваць дзяржаўны сектар эканомікі на знак пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі, гвалту і з патрабаваннямі вызваліць усіх палітвязняў і правядзення новых выбараў.
Сярод народных мер супраціву рэжыму: зацягванне выплаты падаткаў, паслуг ЖКГ, байкот тавараў лаяльных рэжыму вытворцаў, зняцце грошай з рахункаў у беларускіх рублях і замежнай валюце.
Галоўчанка заявіў, што дзякуючы суладным дзеянням урада, Нацбанку задумы прычыніць шкоду рэжыму не былі рэалізаваныя.
Нацыянальны банк праблему прызнаў і звярнуўся да камерцыйных банкаў краіны з патрабаваннем забяспечыць своечасовае падмацаванне замежнай валютай.