Выбары ў ЗША: каму дастанецца кантроль над Сэнатам?
4- 3.11.2020, 12:35
- 13,145
Захаванне рэспубліканскай большасці ці фармаванне большасці дэмакратаў залежаць толькі ад вынікаў толькі некалькіх кампаній.
Поспех або парраза позвы наступнага прэзідэнта ЗША ў значнай меры залежыць ад кантролю над Сэнатам, і тое, у чыіх руках ён апынецца, залежыць ад вынікаў толькі некалькіх кампаній у розных раёнах краіны, паведамляе «Голас Амерыкі».
У аўторак вызначыцца лёс 35 з 100 месцаў у Сэнаце, але толькі ў сямі выпадках, згодна з непартыйнай «Палітычнай справаздачы Кука» (Cook Political Report), зыход выбараў сапраўды нельга прадказаць.
Для кантролю над верхняй палатай Кангрэса дэмакратам трэба павялічыць сваё прадстаўніцтва на тры месцы, калі іх кандыдат у прэзідэнты Джо Байдэн пераможа ў барацьбе за Белы дом, або на чатыры месцы, калі прэзідэнт Дональд Трамп будзе пераабраны на другі тэрмін.
Рэч у тым, што ў выпадку калі расклад месцаў будзе 50 на 50, вызначальны голас будзе належаць віцэ-прэзідэнту.
Цяпер у рэспубліканцаў большасць на 53 галасы, але ў колькасным плане для іх гэта складаны год, бо ў гэтым электаральным цыкле ім даводзіцца браць удвая больш месцаў, чым дэмакратам.
Паводле ацэнак, толькі адно з 12 месцаў, якія цяпер займаюць дэмакраты, можа перайсці да рэспубліканцаў. Гаворка ідзе пра Алабаму, дзе былы футбольны трэнер Томі Табервіл, якога падтрымаў Трамп, ужо некалькі месяцаў апярэджвае дзейнага сэнатара-дэмакрата Дага Джонса.
Уплыў Трампа будзе вызначальным чыннікам у большасці кампаній, дзе кандыдаты ідуць на роўных, кажа прафесар амерыканскай дзяржаўнай управы ў Джорджтаўнскім універсітэце Мішэль Сверс.
«Калі ён перамагае ў нейкім штаце, то вельмі імаверна, што гэтая хваля падхопіць і чалавека, які балатуецца ў Сэнат. Калі ж яго паказчыкі ў штаце дрэнныя, то гэта вялікая перашкода, якую ім давядзецца пераадольваць», - сказала яна.
У Аёве дзейны рэспубліканскі сэнатар Джоні Эрнст адстае ад апанента-дэмакрата Тэрэзы Грынфілд у некалькіх апытаннях. У гэтым аграрным штаце Эрнст прывязаная да Трампа праз ейную падтрымку ягоных гандлёвых войнаў з Кітаем, якія адбіліся на фермерах.
У Паўночнай Караліне дзейны рэспубліканскі сэнатар Том Тыліс адстае ад апанента Кэла Канінгама ў сярэднім на 2,5 адсоткавыя пункты, паводле сайту Real Clear Politics.
У штаце Мэн дзейнаму рэспубліканскаму сэнатару Сюзан Колінз супрацьстаіць моцны апанент-дэмакрат Сара Гідэон.
Сверс адзначыла, што для перамогі Колінз павінна захаваць падтрымку базы Трампа ў гэтым паўночна-ўсходнім штаце. Аднак «іх моцна абурыў той факт, што яна галасавала супраць Эмі Коні Барэт», якую Трамп высунуў на пасаду суддзі Вярхоўнага суда, мяркуе прафесар.
У Джорджыі сёлета ідуць адразу дзве кампаніі выбараў у Сэнат. У адной з іх удзельнічаюць пастар Рафаэль Уорнак, дэмакрат, і два рэспубліканцы – дзейны сэнатар Кэлі Лефлер і кангрэсмэн Даг Колінз.
У іншай кампаніі дэмакрат Джон Осаф апярэджвае дзейнага сэнатара-рэспубліканца Дэвіда Пердзью на адзін адсоткавы пункт.