Аляксей Навальны расказаў, як менавіта абрынецца рэжым Лукашэнкі
10- 3.11.2020, 14:32
- 97,499
Расейскі палітык назваў два галоўныя механізмы пратэсту на гэтым этапе.
У рамках праекта, у якім заснавальнік тэлеграм-канала «Нехта» Сцяпан Пуціла гутарыць з вядомымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі пра беларускія падзеі, выйшла інтэрв'ю апазіцыйнага расейскага палітыка Аляксея Навальнага.
Выданне kyky.org публікуе галоўныя цытаты Навальнага.
«Перш за ўсё пацікавіўся, што адбываецца ў Беларусі»
«Быў перыяд, калі я ўжо выйшаў з комы [пасля атручвання], але яшчэ не ўставаў з ложка, не зусім адэкватна ўспрымаў рэальнасць. І я магу сказаць дзякуй Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, таму што першы мой смех, звязаны з выхадам з комы, быў якраз дзякуючы яму. Жонка ўключыла мне той самы запіс – перахопленую размову Біла і Тома [на самай справе Майка і Ніка – рэд.], звязаную з маім атручваннем, – і ў нейкі момант я на ўсю палату засмяяўся вясёлым, радасным смехам. Калі я ўжо пачаў цяміць, на самай справе цяміць, вядома, я перш за ўсё пацікавіўся, што адбываецца ў Хабараўску і што адбываецца ў Беларусі».
«Я ўпэўнены ў перамозе беларусаў»
«Самае прыкрае, што цяпер у Расеі многія дзеячы ныюць: “Ну вось, як жа так? Божа мой! Вы ўяўляеце, ужо два месяцы людзі [ў Беларусі] ходзяць, а па-ранейшаму нічога не дамагліся!”... Але 26 гадоў чалавек ладзіў аўтарытарны рэжым, зладзіў яго, цалкам кантралюе выбары, тэлевізію, суды, увогуле ўсё. І тое, што мы бачым цяпер, – гэта зусім неймаверныя змены, якія адбываюцца. І назад гэта ўжо вярнуць у той пункт, чатыры месяцы таму, абсалютна, вядома, немагчыма. У Беларусі адбываецца рэвалюцыя, змяненне свядомасці. Цалкам дакладна: наперадзе яшчэ вялікі, няпросты шлях, але я ўпэўнены ў перамозе беларусаў. І я абсалютна захоплены ўсімі людзьмі, якія выходзяць на вуліцы, якія ўдзельнічаюць у забастоўках. Захоплены тым, як дзейнічаюць лідары, Ціханоўская; захоплены стойкасцю тых людзей, якія сядзяць. Таму я мяркую, імгненнай перамогі не адбылося, на жаль: хацелася б выйсці адзін раз на вуліцу – і адразу перамагчы; але, безумоўна, гэта спіраль, якая ідзе ўверх, а ўверсе будзе перамога».
«Само жыццё выштурхоўвае на вуліцу»
«Тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта беззаконне, памножанае на дзесяць. А пратэсты – гэта ўжо вынік: людзі не хочуць і ўжо не могуць у нейкі момант гэта трываць. Напэўна, тут вялікі ўплыў мае пакаленняў зрух. Цалкам відавочна, што велізарная колькасць людзей маладзейшых за 30 гадоў разумее, што праз Лукашэнку ў Беларусі няма ніякай будучыні, таму... Зноў жа, само жыццё выштурхоўвае іх на вуліцу. Людзі разумеюць, што ўдзельнічаць у пратэстах – гэта важней за ўсё цяпер: гэта важней, чым ісці на працу, важней, чым вучыцца, чым рабіць любую справу, таму што твой удзел у пратэсце вызначае твой далейшы лёс. А з Лукашэнкам ніякай будучыні няма».
«Крэмль рэалізоўваў сцэнар Лукашэнкі, а цяпер убачыў, што гэта прывядзе да краху»
«Я думаю, што Крэмль не адчувае ніякіх асабліва цёплых пачуццяў непасрэдна да яго [Лукашэнкі], аднак жа для Пуціна зусім забойна, калі беларусы цяпер у выніку рэвалюцыі – мірнай, як мы назіраем, – усё ж змогуць адхіліць яго ад улады. Таму што для ўсёй Расеі гэта будзе сігнал. Давайце шчыра скажам: здавалася, што ўсюды адбудуцца рэвалюцыі, усюды, але толькі ў Беларусі ніколі нічога не здарыцца. І тое, што цяпер у краіне, дзе максімальны ўзровень таталітарызму (ну, дзе-небудзь у Туркменіі, напэўна, яшчэ большы, на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, але Лукашэнка, безумоўна, – адзін з лідараў), тое, што гэтыя падзеі адбываюцца ў Беларусі, – гэта нешта жудаснае для Крамля. Яны ж рэалізоўвалі ягоны сцэнар. І цяпер яны ўбачылі, што гэты сцэнар прывядзе да краху, прывядзе да рэвалюцыі самых цярплівых людзей на свеце».
«Лукашэнка гуляе з усёй сваёй элітай у гульню “Хто каго пераўпарціць”»
«Яны [прадстаўнікі сілавых структураў, суддзі] разумеюць, што гэта [беспакаранасць] не можа быць назаўжды. Але яны робяць усё магчымае, і іх ужо ў нейкім сэнсе ахапіў такі градус роспачы. Яны ж бачаць, што краіна выходзіць з-пад кантролю. Так, з фармальнага гледзішча суды за імі, тэлевізія за імі, у кабінеты пратэстоўцаў не пусцілі. Але вуліца абсалютна знаходзіцца за пратэстоўцамі, і гэта можа доўжыцца нейкі час. Але, зноў жа, ні Лукашэнка, ні ягоная ўлада, ні чыноўнікі, ні суддзі – яны ніколі не вернуцца ў той пункт, калі існуе нейкі кансэнсус, што гэта нам не падабаецца, але як бы яно нібыта законна. Цяпер усе разумеюць: так, улада ў іх за кошт сілы, але гэта абсалютна незаконна. Таму, я думаю, цяпер Лукашэнка разам з усёй сваёй элітай (якой не так шмат на самай справе) – яны гуляюць у гульню “Хто каго пераўпарціць”. Таму найважнейшая задача – не сысці, не расчароўвацца, не слухаць нэндзаў, якія кажуць: “Ой пратэст садзьмуўся”, “Ой, як жа так, мы зноў не зрынулі яго”. Проста гэта цяпер цяжкая праца, якая дасць вялікую перамогу – новае нармальнае жыццё».
«Людзі, якія ўчапіліся ў крэслы, баяцца ў дзесяць разоў больш»
«Лукашэнка не разумее, што трэба рабіць. За гэтыя 26 гадоў улада дэградавала, людзі вакол яго дэградавалі, і ён робіць даволі вар'яцкія ўчынкі, таму што проста не разумее, што рабіць. Вось ён бачыць, што [пратэстуе] моладзь, – і ўзлаваўся на ўсю моладзь. І вядзе ў прынцыпе шырокамаштабную вайну з беларускім народам, з цэлымі пакаленнямі беларускага народу. Ён заявіў, што не будзе прызнаваць дыпломы, будзе адлічваць [студэнтаў]. Пры гэтым усім зразумела, што ты можаш неяк ідэалагічна з кімсьці змагацца, хто не падзяляе твае погляды, – але твая спроба кінуць выклік і абвясціць вайну ўсім маладым асуджаная на крах у любым выпадку. Ён проста ўчапіўся ва ўладу і робіць хаатычныя рухі. Трэба вельмі добра разумець: вельмі страшна стаяць на мітынгу, калі ў цябе страляюць гумовымі кулямі і могуць цябе збіць, – але тыя людзі, якія ўчапіліся ў крэсла, у кабінеты, баяцца ў дзесяць разоў больш. Таму яны робяць гэтыя дзіўныя, ідыёцкія ўчынкі».
«Рэжым абрынецца менавіта такім чынам»
«Галоўнымі механізмамі на гэтым этапе з'яўляюцца вулічныя пратэсты і страйкі. Мы бачылі, што іх камбінацыя рана ці позна ламае любога дыктатара. Забастоўкі, якія спачатку ўспыхнулі, потым іх нібыта задушылі ў нейкі час, цяпер яны зноў пачынаюцца – вось туды трэба інвеставаць шмат-шмат намаганняў. Прадаўжаць пераконваць усіх, што ўсіх не звольняць. Забастоўка ж добрая чым? Што яна не такая страшная: усіх звольніць немагчыма, асабліва кваліфікаванага працоўнага. Ну, звольніш яго – канвеер спыніцца. І ў гэтым сэнсе нават, можа быць, забастоўка без абвяшчэння забастоўкі (італьянскі страйк) з'яўляецца вельмі эфектыўным спосабам барацьбы, таму што рэжым абрынецца менавіта такім чынам. Але самае галоўнае – вера ў сябе і настойлівасць. <...>
Трэба разумець, што беларуская рэвалюцыя яшчэ вельмі-вельмі маладая. Яна яшчэ маленькая. Некалькі месяцаў – гэта вельмі маленькі тэрмін для таго, каб зламаць рэжым, які 26 гадоў ён [Лукашэнка] будаваў. Ён 26 гадоў займаўся тым, каб пабудаваць сістэму, якую нельга зламаць. Вось за два месяцы яе не зламалі, але, шчыра скажам, вельмі моцна разбурылі. Краіна ўжо зусім іншая».