18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Гушча: Я павінна быць тут, і быць да канца з дэманстрантамі

1
Аляксандра Гушча: Я павінна быць тут, і быць да канца з дэманстрантамі
АЛЯКСАНДРА ГУШЧА
ФОТА: ТК / BELSAT.EU

Пранізлівы аповед дзяўчыны з інваліднасцю.

Аляксандра Гушча трапіла на беларускія інтэрнэт-старонкі пасля першага маршу людзей з інваліднасцю. Яскрава і незвычайна апранутая дзяўчына вылучалася з натоўпу. «Белсат» пагаварыў з Аляксандраю пра ейную грамадзянскую пазіцыю, стыль вопраткі ды пра тое, за што змагаюцца людзі з інваліднасцю.

Апалітычнасць як прывілей

Аляксандры Гушчы 33 гады, яна нарадзілася і вырасла ў Менску. Цяпер дзяўчына працуе старэйшым тэхнічным пісьменнікам у кампаніі EPAM Systems – рыхтуе дакументацыю па-ангельску. У яе сферы адказнасці знаходзяцца ледзь не ўсе дакументы: інструкцыі карыстальнікаў, напаўненне старонак, дакументацыі для кліентаў і распрацоўнікаў.

Па-за працаю Александра малюе, танчыць, гуляе ў кампутарныя гульні, займаецца касплеем. А вось акурат палітыка да гэтага лета не ўваходзіла ў сферу інтарэсаў дзяўчыны.

«Я іеркавала, што мяне гэта не датычыць. Азіраюся назад і не разумею: чаму так? Але гэта было маёй пазіцыяй цягам доўгіх гадоў. Напэўна, звязанае з маёй некатораю прывілеяванасцю. Праз інваліднасць мяне не асабліва краналі міліцыянты, у дадатак я здолела ўладкавацца на працу ў IT-кампанію. Хіба таму магла дазволіць сабе не думаць пра нейкія палітычныя падзеі».

С таким плакатом Александра вышла на одну из демонстраций. Фото: ТК / belsat.eu

Але ўсё змянілася ў траўні, калі пачалася прэзідэнцкая кампанія. Тады яна вызначыла, што пойдзе галасаваць, а далей паназірае, як будуць развівацца падзеі. Дзяўчына была гатовая з’ехаць у выпадку кепскага сцэнару. Цяпер Аляксандра кажа, што ейнае меркаванне пра сітуацыю мянялася на вачах.

Менавіта тады дзяўчына пачала асэнсоўваць, што праблемы ў краіне больш сурʼёзныя, чым ёй падавалася. Палітзняволеныя, затрыманні мірных грамадзянаў, збіванні дэманстрантаў — гэта змяніла ейнае ўяўленне свету.

Увечары 9 жніўня Аляксандра пайшла на дэманстрацыю супраць вынікаў выбару, каб разам з іншымі менчукамі выразіць сваё меркаванне. Пабачанае яшчэ больш схіліла яе да ўдзелу ў палітычных падзеях.

«Я на ўласныя вочы пабачыла, як кідаюць святлошумавыя гранаты і як страляюць па натоўпу гумавымі кулямі. Пасля гэтага ўнутры нібыта нешта пераключылася. Я мушу быць тут, і быць да канца», – прыгадвае яна.

Затрыманне на жаночым маршы

Цяпер ёй здаецца, што менавіта сёлета беларускі народ набраўся дастаткова сіл і смеласці, каб нешта змяніць. І Саша хоча стаць часткай гэтых зменаў. Тым больш, што яна сама сутыкнулася з рэпрэсіямі.

Аляксандру затрымалі на жаночым маршы 12 верасня каля гандлёвага цэнтру «Айсберг» у Менску. Яна разам з іншымі жанчынамі ішла па Сурганава, калі ўздоўж дарогі спыніўся аўтазак, і адтуль пасыпаўся натоўп людзей у аліўкавай амуніцыі і балаклавах.

Сілавікі проста прыціснулі ўдзельніц маршу да сцяны гандлёвага цэнтру. Хтосьці паспеў уцячы або схавацца ў кафэ, але Аляксандра з сяброўкаю засталася заціснутая на летняй тэрасе.

«Я цяпер думаю, што ў мяне быў шанец застацца там і перасядзець. Мы маглі б забарыкадавацца, выставіць сталы і крэслы, да нас бы не дабраліся. Але сілавікі пачалі казаць нешта накшталт: «Мы ўжо забралі дастаткова, выходзьце, мы дамо вам сысці».

Александра Гуща. Фото: ТК / belsat.eu

Частка жанчын паверыла і выбраліся з зацішку. Але, як толькі дэманстранткі адышлі ад гандлёвага цэнтру, АМАПаўцы пачалі затрыманні. Саша пабачыла, што ўдарылі ейную сяброўку, ёй стала страшна. Калі яе схапілі амапаўцы, то Саша наважыла проста абвіснуць на іхных руках. І вось так яе ў аўтазак цягнулі адразу тры чалавекі.

У РУУСе амаль усіх, у каго гэта было першае затрыманне, адпусцілі дадому. Там Аляксандра не губляла духу.

«Праз асаблівасці дыягназу [апёкавая хвароба і ампутацыя фалангаў пальцаў – belsat.eu] у мяне немагчыма ўзяць адбіткі пальцаў. Гэта збівала міліцыянтаў з панталыку. А я тым часам проста смяялася з іх», — прыгадвае Аляксандра.

Дзяўчыну выпусцілі ўвечары таго ж дня з пастарунку. Аніякіх дадатковых позваў ёй пакуль што не прыходзіла.

Праз траўму, атрыманую яшчэ ў дзяцінстве, у Аляксандры немагчыма ўзяць адбіткі пальцаў. Фота: ТК / belsat.eu

Людзі з інваліднасцю могуць пратэставаць

Аляксандра прадоўжылаактыўна займацца грамадскай дзейнасцю. Апроч жаночых і нядзельных маршаў, яна ўдзельнічае ў маршах людзей з інваліднасцю.

Ідэя такога шэсця ўзнікла пасля першага маршу людзей сталага веку, які адбыўся 5 кастрычніка. Тады, як кажа Аляксандра, у супольнасці людзей з інваліднасцю пачала абмяркоўвацца ідэя дэманстрацыі.

Даслоўна за пару гадзінаў да самога маршу 15 кастрычніка яна пабачыла абвестку з запрашэннем на шэсце. Аляксандра так хацела пайсці, што нават узяла адгул на працы.

Аляксандра кажа, што часта людзям з інваліднасцямі цяжка браць удзел у акцыях. Складана дабрацца да месца сустрэчы, не заўсёды атрымоўваецца хутка рушыць у натоўпе ды пераходзіць праз падземныя пераходы.

«Гэта беспрэцэдэнтны і ўнікальны праект! Людзі з інваліднасцю аб’ядналіся не для таго, каб дамагчыся нейкай дапамогі або ільготаў. Мы хочам прыцягнуць увагу да нас, як да раўнапраўных грамадзянаў, якія маюць сваю пазіцыю. І могуць пра яе гаварыць».

Яскравы стыль

Падчас затрымання Аляксандра прыцягнула ўвагу не толькі сваёй інваліднасцю, але і яскравым стылем вопраткі.

«Калі мяне затрымлівалі, некаторыя людзі ў інтэрнэце спрабавалі мяне абвінаваціць, што гэта ўсё пастаноўка. Маўляў, мая вопратка занадта прыгадвае ўбор. Таму і затрыманне несапраўднае. Чытаць гэта было смешна».

Дзяўчына прызнаецца, што ёй заўсёды падабалася самавыражацца праз вопратку.

«Калі я вучылася ў каледжы, то магла са сваёй малюсенькай стыпендыі пайсці ў сэканд-хэнд на распродаж і знайсці там унікальныя рэчы, якія анідзе больш не можна было набыць».

Цяпер Аляксандра надае перава густылю Хараджуку, які паходзіць з раёну Токіё, дзе збіраецца творчая і нефармальная моладзь. Ён ёй падабаўся цягам доўгіх гадоў, але ранней дзяўчына не дазваляла сабе так апранацца.

«Мне здавалася, што праз інваліднасць я не магу насіць нешта вельмі ўрачыстае і жаночае. Але калі мне споўнілася 30 гадоў, я вызнаяыла, што не разумна сябе так абмяжоўваць. Буду апранацца, як падабаецца, і насіць, што хачу».

Падбор колераў у вопратцы Аляксандры зусім невыпадковы. Яна намагаецца насіць як мага болей белых і чырвоных колераў. Але зіма блізка – давядзецца шукаць развязанне з верхняй вопраткай адпаведных колераў.

Вопратка як камуфляж

Аляксандра атрымала інваліднасць яшчэ ў дзяцінстве. Ейны твар і рукі практычна ўсё жыццё прываблівалі дадатковую ўвагу.

«Гледзячы на мяне чалавек мог пачаць плакаць. Або добрая жанчына сталага веку магла пачаць прычытаць услых і шкадаваць мяне. Часам людзі рэагавалі наўпрост негатыўна – шушукаліся, фатаграфавалі. Прычым, не толькі дзеці, але і людзі самага рознага веку».

Александра Гуща на марше людей с инвалидностью. Фото: ТК / belsat.eu

Цяпер яскравая вопратка хутчэй адцягвае ўвагу ад ейнай нестандартнай знешнасці.

«Людзі пабачылі маю сукенку, пагаварылі з маім плашчом, пажадалі мне добрага дня і ўсё, мы разышліся. Такія ўборы часам працуюць як камуфляж», – падкрэслівае субяседніца.

Яна кажа, што людзі з інваліднасцю рэдка адчуваюць сябе камфортна ў грамадстве.

«Я ведаю на ўласным прыкладзе, наколькі кепска нашае грамадства адаптаванае да патрэбаў людзей з інваліднасцю. Тут не ідзе гаворка пра нешта звышасаблівае, проста цяжка жыць уласным жыццём: схадзіць у краму, пабачыцца з сябрамі ў публічным месцы. У нас на вуліцах не пабачыш людзей на мыліцах або ў вазку. Таму і самі людзі не ведаюць, як сябе паводзіць. Псіхалагічна цяжка знаходзіцца ў такім асяроддзі. Таму я спадзяюся, што, калі мы пераможам, апроч эканамічных рэформаў, будуць праведзеныя і сацыяльныя змены, якія ўлічаць патрэбы і такіх людзей, як я».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках