Першы штат ЗША адкрыў участкі для галасавання на выбарах прэзідэнта
13- 3.11.2020, 16:19
- 15,355
Апошнія выбарчыя ўчасткі закрыюцца на Алясцы.
Штат Вермонт на ўсходзе ЗША першым адкрыў участкі для галасавання на выбарах прэзідэнта.
Пра гэта паведамляе ВВС.
Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 13:00 паводле Менску. З 1992 года Вермонт традыцыйна галасуе за дэмакратаў і партыя часта перамагае ў кожнай акрузе - хоць дзейны прэзідэнт Дональд Трамп перамог у адной акрузе ў 2016 годзе.
Вермонт таксама сярод 13 штатаў, якія гэтым разам выбіраюць губернатара. Дзейны Філ Скот, якога ўважаюць за ўмеранага рэспубліканца, мае адзін з найлепшых рэйтынгаў адабрэння ўсіх губернатараў ЗША. Падчас пандэміі ягоны і без таго высокі рэйтынг адабрэння дасягнуў 75%.
Скот быў гучным крытыкам прэзідэнта Трампа і заявіў, што не мае намеру галасаваць за яго.
Ягоным апанентам з'яўляецца кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Дэвід Цукерман, які падтрымлівае прагрэсіўную палітыку, уключаючы падвышэнне мінімальнага заробку і легалізацыі марыхуаны. Цукерман падтрымаў Берні Сандэрса ў прэзідэнцкай гонцы 2020 года.
Першымі адкрыліся выбарчыя ўчасткі ў штаце Нью-Гэмпшыр - там галасаванне пачалося яшчэ апоўначы паводле мясцовага часу (8 раніцы па Менску), аднак гэта гістарычная традыцыя, а не правіла.
У іншых штатах участкі адчыняюцца пасля 14:00 паводле менскага часу - у залежнасці ад гадзіннага пояса.
Апошнія выбарчыя ўчасткі закрыюцца на Алясцы, на крайнім захадзе ЗША, калі на ўсходзе ўжо будзе раніца.
Варта адзначыць, што амерыканцы маглі прагаласаваць датэрмінова, і гэтым правам скарысталіся больш за 95 млн выбарнікаў. Гэта - рэкордная колькасць галасоў, аддадзеных датэрмінова, што складае 69% ад усяго прыходу на выбарах-2016.