Навукоўцы распавялі, чаму добрая музыка выклікае мурашкі
9- 3.11.2020, 17:13
- 27,247
Французскія навукоўцы змаглі «ўбачыць» крыніцу прыемных «дрыжыкаў» у нашым мозгу.
Даследаванне апублікаванае ў часопісе Frontiers in Neuroscience, піша Naked science.
Многія людзі не задумваюцца аб такіх дробязях, як мурашкі па скуры. А вось нейрабіёлагі з Універсітэта Франш-Кантэ (Францыя) задумаліся і правялі даследаванне, у якім папрасілі 11 жанчын і семярых мужчын (сярэдні ўзрост - 40 гадоў) праслухаць 15-хвілінны зборнік розных музычных фрагментаў па 90 секунд кожны, падзеленых 30-секунднымі паўзамі.
Удзельнікі былі адабраныя невыпадкова - перад тэставаннем усе яны паказалі, што нярэдка адчуваюць мурашкі пры праслухоўванні прыемнай музыкі. Некаторыя фрагменты, такім чынам, былі падабраныя, зыходзячы з пераваг густу добраахвотнікаў, а іншыя адбіралі самі даследнікі. Падчас праслухоўвання зборнікаў навукоўцы фіксавалі ўсё, што адбываецца ў мозгу удзельнікаў, пры дапамозе электраэнцэфалаграмы (ЭЭГ).
Больш раннія даследаванні паказалі, што «хваля» задавальнення ад праслухоўвання музыкі адбываецца ў два этапы. Першы - «прадчуванне», чаканне перад пікам «дрыжыкаў» па меры нарастання музычных гукаў, а другі - непасрэдна «вяршыня» задавальнення. Удзельнікі эксперыменту, падлучаныя да ЭЭГ, паведамлялі, што адчувалі набліжэнне «музычных дрыжыкаў» пры праслухоўванні ўлюбёных трэкаў.
І навукоўцы напраўду зафіксавалі больш за 300 «дрыжыкаў», якія выклікаюць мурашкі па скуры. Кожны з гэтых эпізодаў доўжыўся прыблізна дзевяць секунд (8,75). Падчас кожнага з іх навукоўцы назіралі рост актыўнасці ў прафрантальнай кары, пярэдняй часткі лобных доляй мозгу. Гэтая вобласць уцягнутая ў планаванне складаных паводзін, праявы чалавека як асобы, у прыняцце пастаноў. Асноўная роля прафрантальнаой кары - узгадненне паміж думкамі і дзеяннямі ў адпаведнасці з нашымі ўнутранымі мэтамі.
Навукоўцы прасачылі гэтую актыўнасць аж да арбітафрантальнай кары (той, што знаходзіцца за вачніцамі і ўдзельнічае ў эмацыйнай апрацоўцы), вобласці сярэдняга мозгу (кіруючай рухам) і правай скроневай долі (задзейнічанай у слыхавой апрацоўцы і музычным успрыманні). Усе гэтыя вобласці разам здольныя запускаць сістэму вызвалення гармону дафаміну, адказнага за пачуццё задавальнення, любові і прыхільнасці.
Цікава, што нейрабіёлагі не знайшлі ўзаемасувязі паміж здольнасцю адчуваць мурашкі ад праслухоўвання прыемнай музыкі або іх інтэнсіўнасцю з наяўнасцю ў чалавека музычнай адукацыі. Гэта азначае, што нават калі ў вас няма яе, вы ўсё адно можаце адчуваць прыемны «халадок» пры праслухоўванні ўлюбёных трэкаў.