Гітанас Наўседа: Літва не пагодзіцца з пагрозамі, што маюцца ад БелАЭС
5- 3.11.2020, 19:00
- 16,174
У Літве пачынае дзейнічаць закон аб абароне ад небяспечных атамных электрастанцый.
У Беларусі «не пачулі заклік не падвяргаць небяспецы грамадзян Еўрапейскага звязу і прыпыніць запуск Астравецкай АЭС». Такім чынам прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 3 лістапада адрэагаваў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» на энэргетычны пуск Беларускай АЭС.
«У Літве пачынае дзейнічаць закон аб абароне ад небяспечных атамных электрастанцый, - адзначыў кіраўнік літоўскай дзяржавы. - На рынку Літвы няма месца электраэнэргіі, што вырабляецца на небяспечных атамных станцыях. Літоўскі сістэмны аператар Litgrid сёння прыпыніў гандаль электраэнэргіяй з Беларуссю па літоўскіх і беларускіх лініях электраперадачы. Літва не пагадзілася і не пагодзіцца з пагрозамі, што зыходзяць ад небяспечнай Астравецкай АЭС».
«Я зноў заклікаю ўсіх працаваць разам, каб небяспечная электраэнэргія, якая вырабляецца атамнымі электрастанцыямі ў трэціх краінах, не паступала не толькі на літоўскі рынак, але і на рынак ЕЗ, а таксама паскорыць [праект] сінхранізацыі з кантынентальнай Еўропай, пасля чаго, як было дамоўлена, не працягваць гандаль электраэнергіяй з трэцімі краінамі», - напісаў Наўседа.
3 лістапада прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла, што «а 12.03 турбагенератар першага энэргаблока Беларускай АЭС уключаны ў аб'яднаную энергасістэму краіны», блок пачаў выпрацоўку электрычнасці.