«Калі мы выгуквалі «Сыходзь!», было бачна, як у Лукашэнкі заторгаўся твар»
31- 4.11.2020, 9:03
- 120,027
Удзельніца падзеяў на МЗКЦ упэўненая, што пратэст на прадпрыемствах можа ўспыхнуць у кожны момант.
Яшчэ два тыдні таму Дар'я Прыходзька працавала інжынерам-канструктарам на Менскім заводзе колавых цягачоў, тым самым прадпрыемстве, дзе ў жніўні адбылася знакамітая сустрэча з Лукашэнкам.
- Адзінае, што мы змаглі крыкнуць гучна Лукашэнку, гэта і было «Сыходзь!». Нічога не было спланавана, ніхто не рыхтаваўся і не рэпетаваў. Гэта было агульнае спантаннае жаданне людзей, якіх не хацелі слухаць, - узгадвае Дар'я ў інтэрв'ю «Салідарнасці».
Дар'я Прыходзька вяла трансляцыю сустрэчы ў Інстаграме.
- З раніцы мы прыйшлі на працу і ўбачылі вельмі шмат аховы, людзей у цывільным. Першапачаткова вызначылі не пускаць на сустрэчу цэхавых рабочых. З іх прайшлі нешматлікія, і тых адбіралі. А нас, інжынерна-тэхнічных работнікаў, мабыць, палічылі больш добранадзейнымі і дазволілі ісці ўсім ахвотным.
Са слоў Дар'і, Лукашэнку сустракалі ў асноўным высокакваліфікаваныя спецыялісты, у якіх «немаленькі заробак».
- Мы хацелі дыялогу і падрыхтавалі пытанні. Але дыялог не атрымаўся. Спачатку ён уключыў нейкі аўдыёзапіс нібыта нашых былых калег, якія прапаноўвалі «зладзіць яму «цёплы прыём». Мы не зразумелі, што гэта за запіс і да чаго ён наогул.
Мы сталі падыходзіць да аховы, каб нас прапусцілі задаць свае пытанні, але нікога не пускалі, казалі «нельга». І раптам мы чуем, як нейкія незразумелыя людзі задаюць незразумелыя пытанні. Гэта не лідары, не актывісты, пра іх ніхто наогул не ведаў на заводзе, звычайныя рабочыя іх цэхаў, менавіта тыя, якіх строга адбіралі — высветлілі пазней на заводзе.
Як сведчаць шматлікія запісы, «шчасліўчыкі», якім удалося задаць пытанне Лукашэнку, цікавіліся не самымі актуальнымі тэмамі на той момант.
- Яны пыталіся нешта накшталт «Чаму ў мяне няма кватэры і чаму завод не ў перадавіках». Але гэта нікога ў той момант не цікавіла! Вядома, людзі былі ў роспачы, што іх ніхто не чуе.
Адзінае, што мы змаглі крыкнуць гучна, гэта і было «Сыходзь!». Нічога не было спланавана, ніхто не рыхтаваўся і не рэпетаваў. Гэта было агульнае спантаннае жаданне людзей, якіх не хацелі слухаць. Хтосьці адзін ціхенька сабе пад нос проста шапнуў «Сыходзь» - і ўсе ў момант падхапілі. Яно разнеслася хваляй!
Было відавочна, што Лукашэнка не чакаў такога. Пры найбліжэйшым разглядзе было відаць, як у яго заторгаўся твар, - успамінае Дар'я.
Яна кажа, што пасля гэтай сустрэчы актывістаў у цэхах пачалі палохаць звальненнем і крымінальнай адказнасцю, у выніку пратэстныя настроі ў цэхах практычна сціхлі. Аднак супрацоўнікі ІТР дагэтуль не здаюцца.
- Наш дырэктар сапраўды перад камерамі вымавіў фразу пра тое, што «Лукашэнка на гэтых выбарах саступіў». Але праз пару дзён пасля візіту на завод дырэктар сказаў звольніць усіх нязгодных.
Аднак, мы прадаўжалі працаваць, рэпрэсіі былі адзінкавымі. Так, калі адзін калега спрабаваў арганізаваць страйкам, наш ідэолаг (намеснік генеральнага дырэктара ў ідэалагічнай працы і кадрах) Павел Агер выклікаў на яго міліцыю. Гэты намеснік у асноўным і ажыццяўляе ціск.
Мяне ён таксама адчытваў у прысутнасці майго начальніка. Сказаў, што я «вельмі актыўная», плюс мне прыпісвалі, што я - адмін і каардынатарка завадскіх чатаў. Хоць гэта не так.
Яшчэ мне сказалі, што я не маю права выказвацца ад імя завода, маючы на ўвазе мой плакат, дзе напісана «МЗКЦ за сумленныя выбары». Але тады я нагадала пра тое, што і наш дырэктар пацвярджаў, што выбары прайшлі несумленна. Мне сказалі, што не варта звяртаць увагу на тыя словы дырэктара, і што выбары прайшлі нармальна — распавядае Дар'я Прыходзька.
Яна кажа, што працаўнікі завода спрабавалі заклікаць аб дапамозе не толькі кіраўніцтва, але і прафзвяз.
- Мы напісалі ім звароты, у якіх выказвалі такія ж патрабаванні, як і ва ўсяго народа. У «Белпрафмашы» зрабілі справаздачу, што прынялі да ведама і нават адправілі наш зварот у рэгіянальную арганізацыю. Гендырэктар ніяк не адрэагаваў.
Мы яшчэ некалькі разоў збіраліся на той жа пляцоўцы і прасілі яго выйсці пагутарыць, але да нас кожны раз выходзіў ідэолаг Агер. Апошні раз ён наогул крычаў «Вы звольненыя!» і здымаў нас на камеру, - кажа Дар'я.
26 кастрычніка частка работнікаў ІТР наважыла далучыцца да агульнанацыянальнага страйку. Дар'я была сярод іх.
- Мы, блізу 50 чалавек, сабраліся а 8 раніцы і пачалі шэсце па цэхах, дзе заклікалі людзей далучыцца. Але яны не рэагавалі — распавяла Дар'я.
Пасля таго, што адбылося, да ўсіх актывістаў пачалі ўжываць жорсткія рэпрэсіі.
- Начальнікаў - майго і яшчэ аднаго бюро - палічылі арганізатарамі і звольнілі паводле артыкула. На наступны дзень нас сталі выклікаць па адным, паказвалі акты, складзеныя на нас аб тым, што ў нас прагулы і парушэнні грамадскага парадку, і прапаноўвалі сыходзіць альбо таксама паводле артыкула, альбо на ўласнае жаданне. Я няправільна зрабіла, пад уздзеяннем стрэсу напісала заяву на ўласнае жаданне — шкадуе Дар'я.
На МЗКЦ звольнілі больш за 30 чалавек. Практычна ўсе яны канструктары вышэйшай катэгорыі.
- У некаторых бюро засталіся адзінкі. Цяпер, мабыць, вызначаюць, ці звальняць іх. Калі завод застанецца без спецыялістаў, фактычна гэта будзе азначаць, што перакрэсленыя ўсе перспектыўныя распрацоўкі. Але наш галоўны канструктар, які ўсё гэта выдатна разумее, за нас не заступіўся — кажа Дар'я Прыходзька.
Яна мяркуе, што іх акцыі прайшлі нездарма і ўжо маюць наступствы.
- Наша прадпрыемства было прыбытковае. Мы ўсё ж вайсковую тэхніку вырабляем. Заказы ў асноўным з Расеі паступаюць, але і з іншых краінаў таксама.
Як нам сказала кіраўніцтва, праз нашы дзеянні многія адмаўляюцца падпісваць з заводам кантракты, бо мяркуюць, што на заводзе неспрыяльнае становішча і не давяраюць яму больш.
Таксама мы ўваходзім у Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт РБ. Выявілася, што мы адзіныя з усёй «ваенкі» страйкавалі, і мы ведаем, што там кіраўніцтва ў шоку. І гэта не беспадстаўна, бо павольна, але працэс пайшоў. Большасць супрацоўнікаў на ўсіх прадпрыемствах настроеная катэгарычна, пратэст можа ўспыхнуць у кожны момант, — упэўненая суразмоўца.
Паводле яе слоў, усім незаконна звольненым работнікам абяцае надаць падтрымку фонд BYSOL.