18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы апісалі ўнікальны выпадак рэакцыі арганізма на холад

3
Навукоўцы апісалі ўнікальны выпадак рэакцыі арганізма на холад

Аўтары даследавання заклікалі медыкаў больш уважліва ставіцца да такіх выпадкаў.

Медыкі з Дэнвера апісалі ўнікальны выпадак алергіі на холад. Мужчына прыняў гарачы душ, выйшаў у крыху больш прахалодны пакой і ледзь не памёр, паведамляе Naked science.

Халадовая крапіўніца або алергія на холад - не самая частая праява залішняй адчувальнасці імуннай сістэмы арганізма. Звычайна яна выяўляецца высыпаннем на ўчастках скуры, якія залішне астудзіліся і неўзабаве праходзіць. Але ў некаторых выпадках прыступы алергіі на холад могуць быць сур'ёзнымі.

Цяпер жа навукоўцы з Дэнвера апісалі выпадак 34-гадовага мужчыны, якога даставілі ў рэанімацыю ў стане анафілактычнага шоку. Ягоны пульс складаў 60 удараў за хвіліну, дыханне было абцяжаранае, ціск - 84 на 60 міліметраў ртутнага слупа. Усё цела мужчыны пакрылася сыпам. Пацыента знайшлі на падлозе ваннага пакою без прытомнасці.

У рэанімацыі мужчына атрымаў адрэналін і антыгістамінныя прэпараты - стандартнае лячэнне пры анафілактычным шоку. Для пацверджання дыягназу таксама была праведзеная алергічная проба на холад. Кубік лёду прыклалі да непашкоджанага ўчастку скуры на пару хвілін, і яна пакрылася характэрным сыпам.

Са слоў родных пацыента, раней ён пакутаваў ад алергіі на холад, але анафілактычнага шоку ніколі не назіралася. Звычайна ўсё заканчвалася пачырваненнем або сыпам. Імаверна, пагаршэнне звязанае з пераездам у больш халодны клімат.

Аўтары публікацыі заклікаюць прафесійную супольнасць уважліва ставіцца да пацыентаў з халадовай крапіўніцай. Акрамя стараннага назірання за такімі людзьмі, ім неабходна даносіць інфармацыю пра магчымыя трыгеры. Справакаваць алергічную рэакцыю на холад можа нават невялікая змена тэмпературы скуры, калі яна адбываецца імкліва. Парой для з'яўлення пачырванення досыць уздзеяння ветру пасля фізічнай нагрузкі. Астуджэнне цела за кошт выпарэння поту можа выклікаць алергію.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках