У Туркменістане апазіцыянерку параўноўваюць з Ціханоўскай: улады баяцца пратэстаў
10- 4.11.2020, 20:39
- 28,974
Дурсалтан Таганава стала тварам пратэстнага руху ў Туркменістане.
Улады ў Лябапскім вілаяце распачалі кампанію апаганьвання Дурсалтан Таганавай, туркменскай актывісткі ў Турцыі, нядаўна вызваленай з дэпартацыйнага цэнтра ў Стамбуле пасля трохмесячнага арышту. Туркменскія ўлады асцерагаюцца ўзнікнення хваляванняў унутры краіны і параўноўваюць актыўную ўдзельніцу пратэстаў супраць урада Бердымухамедава са Святланай Ціханоўскай. Пра гэта паведамляе «Радио Азатлык».
Улады ў Лябапскім вілаяце, адкуль родам Дурсалтан Таганава, разгарнулі кампанію апаганьвання актывісткі сярод прадстаўнікоў бюджэтных і грамадскіх арганізацый.
«У Туркменабадзе і Фарапе апошнія два тыдні пры ўдзеле кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, жаночых радаў, супрацоўнікаў Міністэрства нацыянальнай бяспекі, МУС і пракуратуры ў бюджэтных арганізацыях праводзяцца сходы па апаганьванні Дурсалтан Таганавай», паведаміў карэспандэнт Азатлык.
Як распавёў выкладчык школы, які змушана ўдзельнічаў у такой сустрэчы, арганізатары сходу сцвярджаюць, што «Таганава, як і Ціханоўская хоча пачаць пратэстныя дэманстрацыі сярод народа».
Імя Дурсалтан Таганава стала вядома туркменскай грамадскасці ў ліпені сёлета пасля таго, як яе затрымалі ў Стамбуле падчас пратэстнай акцыі 19 ліпеня супраць урада Туркменістана.
Таганаву, што ўважала сябе актывісткай новай апазіцыйнай групы «Дэмакратычны выбар Туркменістана», пратрымалі ў дэпартацыйнным цэнтры Стамбула блізу трох месяцаў і выпусцілі толькі 12 кастрычніка. З тых часоў, як Таганава стала актыўным удзельнікам туркменскага пратэстнага руху ў выгнанні і выдачы ёй статусу шукальніцы палітычнага прытулку турэцкімі ўладамі ў Туркменістане пачалі пераследваць яе родных. Сямейнікаў і іншых сваякоў Таганавай неаднаразова выклікалі ў паліцыю і прымушалі рабіць заявы, ганьбіць актывістку як «здрадніцу радзімы».
Пратэстныя выступы супраць урада дыктатара Гурбангулы Бердымухамедава, акрамя Турцыі, мінулым летам праводзіліся і ў ЗША, Паўночным Кіпры, Расеі.
На апошніх пратэстных акцыях ўдзельнікі ў тым ліку патрабавалі вызвалення Таганавай з дэпартацыйнага цэнтра ў Стамбуле. У яе абарону таксама выступілі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку Human Rights Watch.
У выніку падвышанай увагі, у тым ліку з боку туркменскіх уладаў, Дурсалтан Таганава фактычна ператварылася ў своеасаблівы твар туркменскага пратэстнага руху і, відавочна, туркменскія ўлады занепакоеныя яе актывізмам на фоне росту незадаволенасці ў Туркменістане ў сувязі з эканамічным спадам і сацыяльнай напругай.
У Лебапе і да Таганавай узровень незадаволенасці сярод насельніцтва за апошні год адчувальна вырас.
«Такіх людзей, як Таганава ў Лебапе шмат. Вельмі многія моцна незадаволеныя Аркадагам праз недахоп харчавання, грошай, беспрацоўя і росту беднасці», сказаў адзін з мясцовых назіральнікаў у размове з карэспандэнтам Азатлык.
Але незадаволенасць лебапцаў звязана не толькі з эканамічнымі цяжкасцямі, іншай прычынай расчаравання жыхароў усходняга рэгіёну з'яўляецца прадузятае стаўленне да іх з боку Ашхабада.
«Людзі вельмі незадаволеныя. Калі ў красавіку здарыўся ўраган і ўрад нічога не зрабіў, каб дапамагчы насельніцтву, гэта ўспрынялі ў якасці «пляўка ў твар народу». Калі б, напрыклад, стыхійнае бедства здарылася ў Ахале ці Гёкдэпе,, адразу б аказалі дапамогу, як гэта было калі здарыўся пажар на складзе ў Безмеіне. А пра бедства ў Лебапе нават не паведамілі па тэлевізіі», кажа жыхар Лебапа ў размове з Азатлыкам, успамінаючы выбухі на вайсковым складзе ў Безмеіне ў 2011 годзе.
27 красавіка гэтага года ўсходнія рэгіёны Туркменістана сур'ёзна пацярпелі ад разбуральнага ўрагану, у выніку якога, паводле звестак карэспандэнтаў Азатлык, загінулі не менш як 35 чалавек. Урад Туркменістана не толькі не аказаў ніякай дапамогі пацярпелым, але дагэтуль не зрабіў ніводнай заявы з нагоды стыхійнага бедства. Дзяржаўныя СМІ таксама пакінулі ўраган і яго наступствы па-за ўвагай.
«У Фарапе, Туркменабадзе загінулі людзі. Тады ні адзін чыноўнік не ўспомніў пра людзей», успамінае мясцовы назіральнік.
З яго слоў, улады краіны, мабыць занепакоіліся тым, што прадстаўнікам апазіцыі ўдалося дамагчыся вызвалення Таганавай са зняволення ў Стамбуле, палічыўшы гэта перамогай для іх.