Што адбываецца на межах Беларусі, закрытых для выезду з краіны
26- 22.12.2020, 13:59
- 62,754
Рэпартаж з Берасця.
З 21 снежня ў наземных пунктах пропуску на мяжы Беларусі з усімі суседзямі, акрамя Расеі, пачалі дзейнічаць абмежаванні на выезд. Якая цяпер сітуацыя на мяжы – у рэпартажы dw.com з Берасця.

На самым вядомым міжнародным пункце пропуску "Берасце" на беларуска-польскай мяжы ў панядзелак, 21 снежня, панавала нязвыклае зацішша. За некалькі гадзінаў праз мяжу ў бок Еўразвязу прайшло ўсяго каля дзясятка легкавых аўтамабіляў (у асноўным з замежнымі нумарамі) і рэйсавы аўтобус, у якім пасажыраў было таксама няшмат.
Гэта – першыя відавочныя наступствы рашэння беларускіх уладаў, якія закрылі з панядзелка выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску. Афіцыйнай прычынай такога кроку была названая складаная эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі, а часовая забарона ў гэтым выпадку закліканая прадухіліць распаўсюджвання каранавірусу. Аднак для многіх беларусаў такі аргумент выглядае непераканальна. Тым больш што застаецца адкрытай сухапутная мяжа з Расеяй, а саму Беларусь усё яшчэ можна пакінуць, скарыстаўшыся паветраным транспартам.
Вяртанне ў часы СССР?
Праз адсутнасць кліентаў вымушаныя былі зачыніцца некаторыя размешчаныя каля пункта пропуску "Берасце" гандлёвыя пункты і офісы страхавых кампаній. Агентка адной з такіх кампаніі расказала DW, што сёлета мяжа апусцела яшчэ вясной, калі жорсткія абмежаванні на ўезд у сваю краіну праз каранавірус увялі ўлады Польшчы.
"Тады ў Беларусі не пайшлі па гэтым шляху, і замежнікі маглі прыязджаць свабодна: нас гэта збольшага ратавала. Але цяпер усё інакш: для грамадзянаў іншых дзяржаваў уведзены абавязковы карантын, а большасці беларусаў і зусім нельга пакідаць краіну", – наракае страхавая агентка і параўноўвае гэтую сітуацыю з часамі СССР, калі выехаць за яго межы маглі далёка не ўсё.
Без аптымізму ацэньваюць цяперашнюю сітуацыю і на Берасцейскім аўтавакзале, дзе з 21 снежня скасаваныя практычна ўсе рэйсы ў напрамку Польшчы, Літвы і Украіны. "У нас захоўвалася невялікая пасажыраплынь, і мы карэктавалі расклад аўтобусаў, якія ішлі за мяжу, але цяпер нешта планаваць бессэнсоўна", – паведамілі ў адміністрацыі аўтавакзала.

Без права на выезд
Нявызначанасць шмат у чым звязаная з тым, што хоць уведзеная пастановай урада забарона на выезд з Беларусі праз наземныя пункты пропуску з'яўляецца часовым захадам, нават прыкладныя тэрміны дзеяння дакумента не акрэсленыя. Затое ёсць дакладнае ўказанне: выязджаць на працу і навучанне за мяжу грамадзянам Беларусі дазволена не часцей за адзін раз цягам шасці месяцаў. Тое самае тычыцца і беларусаў, якія маюць від на жыхарства ў іншай краіне.

Берасцейка Святлана панаракала, што праз гэтую норму яе дачка, якая працуе за мяжой, пастанавіла адмовіцца ад планаў сустрэць калядныя святы на радзіме ў Беларусі і вярнулася ў Польшчу ў апошні дзень да ўвядзення забароны. "Потым было б не ясна, ці змагла б яна выехаць яшчэ раз раней, чым праз паўгода", – патлумачыла Святлана.
Ці вінаваты каранавірус?
Стаўленне да забароны на выезд за межы краіны ў жыхароў беларускага памежжа неадназначнае. Так, лекарка адной з берасцейскіх лякарняў Ірына мяркуе гэтую забарону апраўданай. Паводле ейных словаў, цяпер кожны дзень толькі ў медустанову, дзе яна працуе, паступаюць да 50 пацыентаў з пнеўманіяй, пры гэтым паміраюць ад яе нават маладыя людзі. "Паколькі мы яшчэ да канца не ведаем прыроду гэтага вірусу, то трэба максімальна засцерагацца. Варта адмовіцца ад паездак без патрэбы нават у іншы горад, не кажучы ўжо пра замежжа", – перакананая медык.

Стаўленне да забароны на выезд за межы краіны ў берасцейцаў неадназначнае
У сваю чаргу, яшчэ адна жыхарка Брэста, якую завуць Марына, упэўненая, што забарона на выезд ніяк не звязаная з распаўсюджваннем COVID-19. Прычына, на яе думку, у спробах беларускіх уладаў паўплываць на адток з краіны спецыялістаў. "За апошнія месяцы шмат маіх сяброў з ліку праграмістаў і лекараў пакінулі Беларусь, а нехта рыхтуецца за іх прыкладам – бо гвалт у краіне прадаўжаецца", – паказала маладая дзяўчына.
У берасцейца Сяргея, які раней бываў на заробках у Расеі, выклікае здзіўленне тое, што забарона на выезд для беларусаў не распаўсюджваецца на гэтую краіну. "Зразумела, што на беларуска-расейскай мяжы няма пунктаў пропуску, а расейскі бок дазваляе ўезд толькі для тых, у каго ёсць сур'ёзныя падставы. Але навошта тады казаць, што ўсё гэта праз каранавірус?" – задае пытанне суразмоўца dw.com.
Застаўся яшчэ менскі аэрапорт
Паколькі для грамадзянаў Беларусі пакінуць краіну праз наземныя пункты пропуску цяпер стала вельмі праблематычна (прычыну выезду паводле службовых справаў або да цяжка хворых сваякоў за мяжой трэба дакументальна пацвердзіць), адзіным даступным спосабам скіравацца за мяжу сталі авіяпералёты з менскага аэрапорта.
Свае паветраныя гавані ёсць і ў іншых гарадах Беларусі, аднак у апошнія гады з іх выконваліся толькі чартарныя рэйсы, якія былі скасаваныя падчас пандэміі. "Атрымліваецца, што менскі аэрапорт застаўся адзінай шчылінай для тых беларусаў, хто хацеў бы без абмежаванняў здзяйсняць паездкі па свеце", – канстатуе берасцеец Сяргей. Гэтая апошняя магчымасць таксама толькі ўзмацняе сумневы, што прычынай для закрыцця наземных пунктаў пропуску з'яўляецца менавіта пандэмія каранавірусу.
Дарэчы, у авіякампаніі "Белавія" ўжо запэўнілі, што не будуць спыняць авіязносіны з Вялікай Брытаніяй пасля інфармацыі, што ў сталіцы гэтай краіны выяўлены новы штам каранавірусу SARS CoV-2. У цяперашні час самалёты з Менска ў Лондан лётаюць два разы на тыдзень, і продаж квіткоў на рэйсы пакуль не прыпынены.