15 снежня 2025, панядзелак, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Рэжым Лукашэнкі чакаюць сектаральныя санкцыі і адключэнне ад SWIFT

5
Палітолаг: Рэжым Лукашэнкі чакаюць сектаральныя санкцыі і адключэнне ад SWIFT

Сённяшнія санкцыі – гэта толькі вяршыня айсберга.

На мінулым тыдні Еўрапейскі звяз прыняў трэці пакет санкцый у дачыненні да шэрагу фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі.

У новым чорным спісе ЕЗ значацца 29 чалавек. Сярод іх – такія вядомыя чыноўнікі, як генпракурор Андрэй Швед, старшыня «савета рэспублікі» Наталля Качанава, губернатар Гарадзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Пад санкцыі трапілі таксама два бізнэсмэны, якіх звязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам: Мікалай Верабей і Аляксандр Шакуцін.

Санкцыі ўведзеныя і ў дачыненні да 7 кампаній. Большая частка з іх – арганізацыі, якія працуюць у абароннай сферы. Але ў чорны спіс таксама ўключылі найбуйнейшага прыватнага забудоўніка Менска «Дана Холдынгз».

Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у Еўразвяз, замарожванне рахункаў, забарону рэзідэнтам ЕЗ супрацоўнічаць з названым бізнэсам.

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» і доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч у каментары udf.by адзначыў, што не ўважае новыя захады Еўразвязу «здрадай беларусам», як некаторыя напісалі ў сеціве.

«Здрадай гэта складана назваць, але прыхільнікі пераменаў і праціўнікі Лукашэнкі, вядома, такімі захадамі не задаволеныя. І спіс персонаў, якія трапілі пад санкцыі, павінен быў быць шырокім, і колькасць кампаній, асабліва прыватных, магла быць большай», – сказаў Казакевіч.

Палітолаг звярнуў увагу на пазітыўныя моманты трэцяга пакета санкцый ЕЗ.

«Важна нават не тое, колькі кампаній трапілі пад санкцыі, а тое, што санкцыі прымаюць характар эканамічных абмежаванняў для буйных кампаній. Гэта прывядзе да прамых фінансавых наступстваў для ўладаў. Другі момант: вельмі важны знак, што санкцыі пашыраюцца. Калі цяпер кажуць пра трэці пакет, то маецца на ўвазе, што можа быць і чацвёрты. Увесь час ідуць дыскусіі, якімі могуць быць новыя санкцыі з боку Захаду», – адзначыў Казакевіч.

Нягледзячы на ўяўную абмежаванасць маштабу санкцый, на самай справе яны з'яўляюцца моцным ударам для рэжыму, мяркуе палітолаг.

«Само сабой увядзенне санкцый вельмі дрэннае для беларускіх уладаў, гэта яшчэ больш пагаршае іх імідж, а таксама бізнэс-клімат у краіне. Акрамя таго, спыняецца супрацоўніцтва ў праграмах тэхнічнай дапамогі. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі інвестыцыйны банк будуць спыняць супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі – а гэта страта сотняў мільёнаў еўраў за год», – расказаў Казакевіч.

Палітолаг падкрэсліў:

«Бачныя санкцыі – гэта толькі вяршыня айсберга, невялікая частка таго, якімі будуць наступствы пагаршэння стасункаў афіцыйнага Менска з Захадам. У сукупнасці фінансавыя і эканамічныя страты значныя. Магчыма, не ўсё будзе адчувацца ў актуальным моманце, цягам месяца, але ў сярэднетэрміновай перспектыве гэта вельмі сур'ёзныя страты».

Што можа быць у чацвёртым пакеце санкцый з боку Еўразвязу?

«Напрыклад, пашырэнне колькасці персонаў і ліку кампаній, якія трапляюць пад санкцыі.

Усё будзе залежаць ад развіцця сітуацыі ў Беларусі. Калі гвалт будзе, асабліва калі адбудуцца разгоны пратэстоўцаў, звязаныя з крывёй, нельга выключаць і сектаральных санкцый – напрыклад, забароны на продаж у ЕЗ нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў або ўстанаўленне дадатковых мытаў. Нарэшце, адключэнне Беларусі або часткі банкаўскай сістэмы ад SWIFT», – мяркуе Казакевіч.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках