Сотні жанчынаў сутыкнуліся з новым наступствам каранавірусу
4- 22.12.2020, 9:30
- 54,378
Інфармацыя пра такую рэакцыю на COVID-19 прыходзіць з розных частак свету.
Сотні жанчынаў сутыкнуліся з новым наступствам каранавірусу: заўчасным надыходам менапаўзы. На іх гісторыі звярнуў увагу Daily Mail (пераклад— lenta.ru).
Так, 46-гадовая Дон Найт (Dawn Knight) з Сомерсэта заразілася каранавірусам у сакавіку, вярнуўшыся з падарожжа ў Тайланд. Сімптомы хваробы – прыступы кашлю, дыхавіца і слабасць – доўжыліся ў англічанкі некалькі тыдняў. У гэты час у яе спынілася менструацыя. «Мае сімптомы COVID-19 былі настолькі жудаснымі і доўжыліся месяцамі, чаму я з цяжкасцю магла ўставаць з канапы, таму адсутнасць месячных была найменшай з маіх праблемаў», – прызналася яна.
Праз некалькі месяцаў высветлілася, што ў Найт развіўся зацяжны COVID-19 – яна больш не была небяспечная для навакольных, аднак шэраг сімптомаў захаваўся. У чэрвені ў яе выявіліся новыя ўскладненні – пачашчаны пульс і пачуццё палення ў руках і нагах, і праз некаторы час жанчына наведала лекара. Вынікі аналізу крыві паказалі, што рэпрадуктыўныя гармоны эстраген, прагестэрон і фалікуластымулёўны гармон (ФСГ) былі на «постменапаўзальным» узроўні. «Лекар паставіў мне дыягназ "постменапаўза"», – сказала на заканчэнне Найт, адзначыўшы, што яе сваячкі сутыкаліся з спыненнем месячных не раней за 50 гадоў.
З такім наступствам перанесенага COVID-19 знаёмыя і іншыя жанчыны. У групе Facebook для тых, у каго сімптомы захоўваюцца доўгі час, многія жанчыны абмяркоўваюць раптоўнае спыненне месячных. У апытанні, у якім удзельнічалі больш за 100 чалавек, каля 80 адсоткаў паведамілі пра змяненнi або спыненні менструальнага цыклу. Паводле словаў заснавальніцы супольнасці Клэр Хасты (Claire Hastie), з заўчаснай менапаўзай сутыкаюцца ўдзельніцы з усяго свету.
Лекарка-тэрапеўтка, якая спецыялізуецца на праблемах жаночага здароўя, Луіза Ньюсан (Louise Newson) патлумачыла, што такія сімптомы зацяжнога COVID-19, як галавакружэнне, стамляльнасць і спутанасць свядомасці, характэрныя і для менапаўзы, што можа азначаць наяўнасць сувязі паміж гэтымі з'явамі. «Найбольш распаўсюджаная група людзей, якія пакутуюць на доўгі COVID-19, – гэта людзі ва ўзросце 50 гадоў, таму менапаўза або перыменапаўза могуць быць іх сімптомамі», – падагульніла яна.