На МТЗ незалежны прафзвяз дамогся падарункаў для дзяцей усіх супрацоўнікаў
1- 22.12.2020, 10:33
- 17,585
Пры гэтым працоўныя, якія пратэставалі, атрымалі падарункі лепшыя ў якасці, чым удзельнікі лукашысцкіх арганізацыяў.
Федэрацыя прафзвязаў Беларусі можа страціць свой галоўны «козыр» – падарункі да Новага года.
Супрацоўнікі МТЗ, якія выйшлі з праўладнай арганізацыі, даказалі, што маюць такое самае права на падарункі дзецям да свята, як і чальцы «Белпрафмаш». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал страйкама МТЗ.
– Згодна з арт. 14 Працоўнага кодэкса РБ, дыскрымінацыя супрацоўніка паводле прыналежнасці да таго ці іншага прафзвязу забараняецца. А «дыскрымінацыйныя ўмовы калектыўных дамоваў, пагадненняў з'яўляюцца несапраўднымі», – патлумачылі ў страйкаме.
Супрацоўнікі завода, якія не знаходзяцца ў «Белпрафмаш», з ініцыятывы Беларускага незалежнага прафзвязу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) накіравалі генеральнаму дырэктару зварот з просьбай патлумачыць, чаму ім не дазволеныя падарункі, што набываюцца з прыбытку прадпрыемства.
– Праз пару дзён пасля выдачы падарункаў чальцам «Белпрафмаш», адбылася выдача падарункаў астатнім, прычым у якасным складзе нават лепшых, – здзіўленыя на прадпрыемстве.
Таксама ў страйкаме паведамілі, што дзецям чальцоў прафзвязу РЭП накіравалі падарункі еўрапейскія прафзвязы.