Беларусь зачыніла наземныя межы: Як цяпер выехаць з краіны
4- 22.12.2020, 10:55
- 28,817
Дэталёвы разбор прарэхаў у «жалезнай заслоне».
З першых хвілінаў учорашняга дня, 21 снежня, Беларусь закрыла для беларусаў свае наземныя мяжы на выезд.
Пра тое, што межы збіраюцца зачыніць, стала вядома яшчэ 10 снежня, прычым пастанова ўладаў пра гэта датаваная яшчэ панядзелкам 7 снежня, піша the-village.me.
«Часова прыпыніць перасячэнне дзяржаўнай мяжы на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікамі, якія маюць дазвол на сталае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у пунктах пропуску, названых гэтай пастановай», – гаварылася ў пастанове ўрада №705 ад 7 снежня 2020 года.
Што ўсё гэта значыць
– Гэта не лакдаўн, а проста істотнае абмежаванне той плыні асобаў, якія не маюць сапраўды сур'ёзных падставаў цяпер перамяшчацца праз дзяржаўную мяжу, – заявіў Sputnik афіцыйны прадстаўнік ДПК Беларусі Антон Бычкоўскі.
Усе, хто мае падставы для перасячэння мяжы, пералічаныя ў адпаведнай пастанове Савета міністраў.
«Што да прыватных выпадкаў, якія могуць з’явіцца, то для гэтага ёсць механізм прымання пастановаў у прыватным парадку», – растлумачыў суразмоўца агенцтва.
– З нулявой гадзіны мы прыступілі да выканання задачаў у адпаведнасці з пастановай Савета міністраў: абмежавалі выезд з Беларусі для тых катэгорый грамадзянаў, якіх тычыцца гэтая пастанова. Разам з тым мяжа прадаўжае працаваць, – сказаў Бычкоўскі.
Каго не выпусцяць з краіны
З панядзелка пакінуць краіну праз наземныя пункты пропуску нельга як грамадзянам Беларусі, так і замежнікам, якія маюць дазвол на сталае або часовае пражыванне ў краіне.
Пакінуць краіну замежныя грамадзяне змогуць, але толькі пасля таго, як пройдзе 10-дзённая ізаляцыя пасля іх уезду.
Выехаць з Беларусі можна будзе таксама пры наяўнасці дакументаў аб хваробе або смерці блізкага сваяка, а таксама атрымання або аказання меддапамогі (напрыклад, для перавозкі органаў для трансплантацыі). Дазволена выехаць да месца сталага жыхарства (пры наяўнасці пасведчання на права жыхарства ў іншай краіне), для навучання або працы (пры наяўнасці адпаведных дакументаў) – аднак у гэтых выпадках не часцей за адзін раз за шэсць месяцаў. Акрамя таго, у выключных выпадках у сувязі з надзвычайнымі абставінамі дазвол на выезд можа даць старшыня ДПК або ўпаўнаважаная ім службовая асоба.
Забароны на выезд не распаўсюджваюцца на дыпламатаў і асобаў, якія маюць службовыя пашпарты, афіцыйныя дэлегацыі, кіроўцаў-дальнабойнікаў і некаторыя іншыя катэгорыі. Абмежаванняў няма для грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў, якія маюць дазвол на сталае або часовае пражыванне ў краіне, – яны могуць свабодна ўехаць у краіну. Здаваць ПЦР-тэст на COVID ім не трэба.
Як усё ж можна выехаць з Беларусі
Самалёт застанецца адзіным транспартам, які дае магчымасць выехаць з краіны – авіяпералётаў абмежаванні не закрануць.
Як для беларусаў, так і замежнікаў, выезд не абмежаваны, аднак не раней, чым скончыцца 10-дзённая самаізаляцыя з моманту прыбыцця ў краіну.
Грамадзянам Расеі, якія едуць транзітам з трэціх краінаў у РФ, ПЦР-тэст на COVID і самаізаляцыя не патрэбныя, аднак неабходны дакумент, які пацвярджае 24-гадзінны транзіт. Грамадзяне Расеі і замежнікі, якія не маюць дазволу на часовае або сталае пражыванне ў Беларусі і прыбываюць у рэспубліку з РФ, павінны мець адмоўны ПЦР-тэст.
Калі транзіт перавышае 24 гадзіны, неабходная даведка пра правядзенне тэсту (з адмоўным вынікам).
А ці можна ўехаць у Беларусь
Абмежаванняў няма для грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў, якія маюць дазвол на сталае або часовае пражыванне ў краіне, – яны могуць свабодна ўехаць у краіну. Здаваць ПЦР-тэст на COVID ім не трэба.
У выпадку прыбыцця з краінаў, якія адносяцца да «чырвонай зоны» (з неспрыяльнай абстаноўкай каранавірусу), 10-дзённая самаізаляцыя абавязковая. Пасля прыезду з краінаў «зялёнай зоны» самаізаляцыя не патрэбная. Пералік тых, хто ўваходзіць у «чырвоную зону», фармуе і перыядычна абнаўляе беларускае Міністэрства аховы здароўя.
Замежнікі і асобы без грамадзянства (акрамя тых, хто мае дазвол на сталае або часовае пражыванне ў Беларусі) уехаць у краіну не змогуць.
Аднак ёсць выключэнні: абмежаванні не закрануць дыпламатаў і асобаў, якія маюць службовыя пашпарты, чальцоў афіцыйных дэлегацый, цягніковых брыгадаў, кіроўцаў-дальнабойнікаў і некаторыя іншыя катэгорыі. Таксама можна заехаць з даведкай пра хваробу або смерць блізкага сваяка. Для ўсіх людзей гэтай катэгорыі пры гэтым абавязковы ПЦР-тэст на COVID.
Абмежаванні на ўезд не будуць тычыцца грамадзянаў Расеі, якія праязджаюць транзітам, накіроўваюцца дадому, супрацоўнікаў транспарту і грузаў Чарнобыльскай АЭС і прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у зоне адчужэння і некаторых іншых катэгорый замежнікаў. Для некаторых пасля прыбыцця з «чырвонай зоны» абавязковае правядзенне ПЦР-тэсту, а таксама 10-дзённая самаізаляцыя. Пры прыбыцці з «зялёнай зоны» – абавязковы толькі ПЦР-тэст.
Што на мяжы з Расеяй
Паводле звестак ДПК, памежны кантроль на беларуска-расейскай мяжы памежслужбай Беларусі не праводзіцца – ні ў наземных прапускных пунктах, ні ў аэрапортах.
Што яшчэ прыдумалі ўлады
Мінфін прапануе ўвесці збор для тых, хто выязджае за мяжу на машыне. Такая норма прадугледжаная праектам змяненняў у Падатковы кодэкс. У якасці абгрунтавання прыводзіцца кансалідацыя выдаткаў бюджэту для барацьбы з COVID-19.
Міністр фінансаў Юры Селіверстаў патлумачыў, што сабраныя сродкі з улікам пандэміі можна будзе накіроўваць на мерапрыемствы для дэзынфекцыі і забеспячэння пунктаў пропуску ўсім неабходным.
Сума збору не павінна перавышаць 3 базавыя велічыні. Калі зыходзіць з таго, што базавая ў наступным годзе складзе 29 рублёў, то за кожны выезд за мяжу ў адпачынак або па набыткі трэба будзе аддаць не больш за 87 рублёў.