Балгарыя дала адпор расейскім шпіёнам
1- 22.12.2020, 11:09
- 11,164
Агентурная сетка ГРУ збірала сакрэтную інфармацыю пра NATO.
На мінулым тыдні балгарская контрвыведка выкрыла чарговага расейскага шпіёна. Персонай нон грата быў абвешчаны палкоўнік ГРУ Васіль Сазановіч, які займаў пасаду вайсковага аташэ ў амбасадзе РФ у Балгарыі, піша балгарскае выданне «Факты» (пераклад – inosmi.ru).
Гэта не першы выпадак, калі з Балгарыі высылаюць расейскага шпіёна, які збіраў канфідэнцыйную інфармацыю, што закранае нацыянальную бяспеку Балгарыі. Што з сябе ўяўляе высланы шпіён і чым менавіта ён займаўся ў Балгарыі?
Чацвёрты выпадак выкрыцця расейскага дыпламата, дзейнасць якога пагражае бяспецы Балгарыі, паказвае глыбіню расследавання дзейнасці расейскай вайсковай выведкі. У 2019 годзе быў высланы афіцэр ГРУ Уладзімір Русяеў, а ў 2020 годзе ягоны лёс падзялілі намеснік гандлёвага аташэ Сяргей Нікалашын і дыпламат Вадзім Быкаў. Паводле звестак балгарскай контрвыведкі, дзейнасць апошніх каардынаваў менавіта Васіль Сазановіч. Быкаў і Нікалашын збіралі інфармацыю пра закупку амерыканскіх знішчальнікаў F-16, праект мадэрнізацыі балгарскай арміі і працы вайскова-прамысловага комплексу. Яны вербавалі балгарскіх грамадзянаў, якія маюць доступ да запытанай інфармацыі.
Звесткі пра Сазановіча паказваюць, што вайсковы аташэ курыраваў незаконную дзейнасць сваіх высланых калегаў, і менавіта яму яны давалі справаздачу пра вынікі праведзенай працы. Крыніцы Міністэрства абароны Рэспублікі Балгарыі мяркуюць, што Сазановіч кіраваў цэлай вайсковай секцыяй у амбасадзе. Карыстаючыся сваім становішчам, дыпламат, абвешчаны непажаданым, развіваў кантакты з прадстаўнікамі вайскова-дыпламатычнага корпуса і вайскоўцамі. Важная інфармацыя пра дзейнасць Сазановіча была атрыманая ў выніку выкрыцця Быкава і Нікалашына, паколькі менавіта тады контрвыведка напала на след актуальных аперацый ГРУ на Балканах.
Катэгарычныя дзеянні ў дачыненні да падначаленых Сазановіча ўзмацнілі пільнасць супрацоўнікаў установаў і структураў, якія маюць справу з сакрэтнай інфармацыяй. Шпіёнская сетка ГРУ ў Балгарыі збірала інфармацыю сакрэтнага характару пра планы NATO, правядзенне супольных вучэнняў і мерапрыемстваў на тэрыторыі Балгарыі і ў Чарнаморскім рэгіёне. Сярод прыярытэтных мэтаў расейскай вайсковай выведкі былі падраздзяленні, якія арганізуюць шматнацыянальныя вучэнні і ўзаемадзеянне са структурамі Альянсу. Палкоўніка Сазановіча таксама цікавіла прысутнасць узброеных фармаванняў і вайсковай тэхнікі ЗША ў Балгарыі.
Перашкода актыўным дзеянням Расеі з дапамогай ужытых захадаў у дачыненні да ключавых фігураў, што кіруюць працэсам, нейтралізуе стратэгію Крамля ў вядзенні гібрыднай вайны, галоўнай мэтай якой з'яўляецца падрыў адзінства NATO. Ва ўнісон з агрэсіўнымі паводзінамі Расеі на ціхім фронце прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава публічна раскрытыкавала палітыку Балгарыі і Румыніі ў сферы абароны, заявіўшы, што на тэрыторыі Балгарыі размешчаная зброя для нападу на Расею. Як бы Крэмль ні стараўся выставіць сябе «мішэнню» NATO, менавіта Расея ў 2014 годзе незаконна анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Менавіта Расея праводзіць падрыўныя і агрэсіўныя дзеянні супраць сваіх суседзяў і не толькі, спрабуе з дапамогай падобных выведвальных аперацый падарваць адзінства NATO – пакуль беспаспяхова.
«Балгарскія службы паказалі, што могуць ліквідаваць нацыянальныя пагрозы сваёй краіне. Балгарыя ёсць і будзе важнай сяброўкай NATO. Мы былі сведкамі таго, як у апошнія гады Расея праводзіла агрэсіўныя дзеянні, у тым ліку шпіёніла і атручвала праціўнікаў улады. Масква прадаўжае дзейнічаць агрэсіўна, але падобныя паспяховыя контраперацыі дэманструюць катэгарычнае процідзеянне гэтай агрэсіі», – рэзюмуе выданне.