15 снежня 2025, панядзелак, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі расказалі, як зрабіць, каб тэст на COVID-19 «не хлусіў»

Медыкі расказалі, як зрабіць, каб тэст на COVID-19 «не хлусіў»

Трэба выконваць пэўныя правілы.

Цяпер, калі людзі масава здаюць аналізы на каранавірус, вельмі важна знізіць рызыку падманнаадмоўных вынікаў, піша healthinfo.ua.

Методыка полімеразнай ланцуговай рэакцыі (тэст ПЛР) прызначаная для выяўлення ў арганізме РНК Sars-CoV-2 – генетычнага матэрыялу каранавірусу. Тэст выкарыстоўваецца для дыягностыкі захворвання на ранняй стадыі, пры высокай актыўнасці вірусу. Але чаму ж узнікаюць падманныя вынікі?

Падманнаадмоўны вынік – гэта сітуацыя, пры якой ПЛР не паказвае наяўнасці вірусу, хоць пацыент мае выяўленыя сімптомы COVID-19 і змены на КТ. Адна з прычынаў такой з'явы – нізкая адчувальнасць некаторых ПЛР-тэстаў, якія выкарыстоўваліся вясной. Цяпер іх адчувальнасць стала дастаткова высокай. Але РНК вірусу вельмі лёгка распадаецца пад дзеяннем знешняга асяроддзя, а таму карэктнасць выніку залежыць ад правільнага ўзяцця, захоўвання і транспартавання біяматэрыялу для аналізу. Мазкі варта браць адначасова з рота- і насаглоткі, і аб'ём матэрыялу павінен быць дастатковым для аналізу. Пры парушэнні гэтых правілаў дакладнасць тэсту будзе зніжацца.

Акрамя таго, ПЛР можа даць адмоўны вынік, калі тэст правесці праз некаторы час пасля заражэння вірусам. У гэтым выпадку вірус паспявае выклікаць запаленчы працэс, але потым гіне пад дзеяннем лекаў або хаваецца. Таму ПЛР можа яго не выявіць.

Аналіз на антыцелы – альтэрнатыва ПЛР? Не: гэты метад дыягностыкі заснаваны на выяўленні антыцелаў, якія вырабляе імунная сістэма, распазнаўшы COVID-19. Спачатку яна выпрацоўвае IgM, потым IgG, якія даўжэй захоўваюцца ў арганізме, чым IgM. Аналіз на IgM дапамагае знайсці каранавірус пры падманнаадмоўнай ПЛР і на позніх стадыях захворвання. Аналіз на IgM і IgG патрэбен для вызначэння даўжыні знаходжання вірусу ў арганізме. Гэта дапаможа зразумець, колькі людзей мог заразіць пацыент пры кантакце.

Але абодва гэтыя аналізы не могуць замяніць ПЛР, бо імунітэту патрэбны час на выпрацоўку антыцелаў – іх узровень у крыві можна вызначыць на 7–20 суткі, пачынаючы з дня з'яўлення сімптомаў. Метад ПЛР можа выявіць COVID-19 на ранняй стадыі, што важна для хуткага пачатку лячэння. Нярэдка хуткая дыягностыка можа выратаваць жыццё пацыента. Таксама на забор крыві з вены для аналізу на антыцелы сыходзіць больш часу, чым на мазок для ПЛР. Хуткасць мае значэнне пры масавай дыягностыцы.

ПЛР здаюць, калі неабходна высветліць, ці быў заражаны пацыент і ці з'яўляецца ён бессімптомным носьбітам вірусу. Антыцелы патрэбныя для ацэнкі стану імуннай сістэмы ўжо хворага чалавека, рызыкі паўторнага заражэння, вызначэння часу, цягам якога ў арганізме знаходзіцца вірус. Ёсць правілы здачы аналізаў на каранавірус.

Пры падрыхтоўцы да ПЛР – за 3 гадзіны да здачы матэрыялу неабходна не есці і не піць, адмовіцца ад палення і жавання жуйкі, не займацца чысткай зубоў і паласканнем горла, адмовіцца ад прамывання носа, назальных спрэяў, кропляў, мазяў. Правілы падрыхтоўкі да забору крыві на антыцелы: адмова ад пітва і ежы за 4–8 гадзінаў да працэдуры, ужыванне чыстай вады без газу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках