Топ-мэнэджары дзяржаўных прадпрыемстваў патрабуюць, каб рэжым пайшоў на саступкі
5- 22.12.2020, 12:18
- 28,442
Інакш эканоміка Беларусі «ляжа».
Кіраўнікі кампаній назвалі асноўныя прычыны эканамічнага крызісу ў Беларусі. Паводле звестак апытання, менавіта палітычныя дзеянні ўладаў і рэпрэсіі забіваюць эканоміку краіны, піша ej.by.
У ходзе даследавання, праведзенага маркетынгавай кампаніяй SATIO, былі апытаныя топ-мэнэджары 420 беларускіх кампаній, у тым ліку і дзяржаўных. Рэспандэнтам было прапанавана ацаніць стан і перспектывы як беларускай эканомікі, так і свайго бізнэсу. Вынікі атрымаліся адны з самых горшых за апошнія 20 гадоў.
Ацэньваючы актуальны стан эканомікі краіны, 69% апытаных адзначылі яго як дрэнны і толькі 6%, як добры. Пры гэтым горш за ўсё актуальны стан беларускага эканамічнага цуду ацанілі менскія кампаніі, якія валодаюць найбольш поўнай інфармацыяй з прычыны блізкасці да цэнтру кіравання. Тут 89% адзначылі жаласны стан эканомікі, і толькі блізу 1% заявілі, што становішча добрае.


Калі глядзець у перспектыву, то там таксама мала хто чакае чагосьці добрага. Сярод усіх апытаных кіраўнікоў кампаній, 73% чакаюць, што становішча хутка пагоршыцца і толькі 9% усё ж спадзяюцца на паляпшэнне. Што цікава, песімізм пераважае ў большай ступені сярод прыватных кампанія, дзе 77% чакаюць пагаршэння сітуацыі і 8% – паляпшэння.

Дзяржаўныя кампаніі больш пазітыўна ацэньваюць перспектывы беларускай эканомікі, хоць і тут усё ж пераважаюць негатыўныя ацэнкі. Так, паводле звестак апытання, сярод дзяржаўных кампаній 46% чакаюць пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне і 15% – паляпшэння. Астатнія думаюць, што сітуацыя ніяк не зменіцца.

Самае сумнае ў бягучай сітуацыі – гэта прычыны эканамічнага крызісу, як іх бачаць кіраўнікі кампаній. Тут на першае месца выйшаў унутрыпалітычны крызіс, які адзначылі 39% рэспандэнтаў. На другім месцы ідзе пандэмія каранавірусу – 23%, а на трэцім размясціўся сусветны эканамічны крызіс – 9%. Пры гэтым, ацэньваючы дзеянні ўладаў, 60% апытаных назвалі іх няправільнымі і толькі 17% – правільнымі. Адпаведна сярод першачарговых захадаў для выхаду з крызісу бізнэс чакае перш за ўсё палітычных дзеянняў: развязанне палітычнага крызісу – 46%, дыялог уладаў з народам, бізнэсам, апазіцыяй – 13%, спыненне рэпрэсій і вяртанне ў прававое поле – 11%.
Прычыны эканамічнага крызісу ў Беларусі

Іншымі словамі, палітычны крызіс кіраўнікі беларускіх кампаній бачаць не як змову Захаду або пратэсты насельніцтва, а менавіта, як дзеянні ўладаў. Адпаведна, для развязання палітычнага крызісу менавіта ўлады павінны зрабіць неабходныя крокі, якія заключаюцца ў дыялогу з народам, а не ва ўзмацненні рэпрэсій, як гэта адбываецца цяпер.
На думку большасці кіраўнікоў кампаній, калі ўлада пойдзе на саступкі і пачне дыялог, то паляпшэнне эканамічнай сітуацыі можна чакаць пачынаючы з другой паловы 2021, але ў асноўным у 2022 годзе.
Тут варта толькі дадаць, што апытанне было праведзенае да ўвядзення апошніх санкцый, якія кранулі ў тым ліку і беларускія кампаніі, што на думку ЕЗ падсілкоўваюць рэжым Лукашэнкі. У студзені і лютым чакаецца далейшае пашырэнне гэтага спісу і, адпаведна, рэальная сітуацыя і прагнозы на будучыню будуць толькі пагаршацца, прычым значна.