Джо Байдэн вакцынаваўся ад каранавірусу ў наўпростым эфіры
9- 22.12.2020, 12:30
- 9,566
На наступным тыдні прышчэпкі зробяць абраная віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс і ейны муж.
Абраны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн атрымаў першую дозу вакцыны Pfizer ад каранавірусу, заявіўшы, што такім чынам хоча паказаць амерыканцам, што яе "бяспечна прымаць".
Пра гэта паведамляе ВВС.
"Я раблю гэта, каб прадэманстраваць, што людзі павінны быць гатовыя, калі будзе даступная вакцынацыя. Няма пра што турбавацца", – сказаў Байдэн з Ньюарка, штат Дэлавэр, дзе ён атрымаў прышчэпку ў наўпростым эфіры.
Паводле ягоных словаў, адміністрацыя Трампа "заслугоўвае прызнання" ў запуску праграмы вакцынаў у краіне.
Жонка Байдэна атрымала сваю першую дозу ў пачатку дня, сказаў абраны прэзідэнт.
Чакаецца, што на наступным тыдні прышчэпкі зробяць абраная віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс і ейны муж.
Каманда Байдэна паставіла мэту зрабіць 100 млн прышчэпак ад COVID-19 у ЗША цягам першых 100 дзён знаходжання адміністрацыі ў Белым доме.
Паводле папярэдніх звестак, на сёння ў ЗША вакцынаваныя больш за 500 000 амерыканцаў. У нядзелю пачаты выпуск другой вакцыны Moderna, якая была зацверджаная на мінулым тыдні.
За час пандэміі ЗША зафіксавалі больш за 18 млн выпадкаў каранавірусу і 319 000 смерцяў.