Пуцін дазволіў сабе стаць «пажыццёвым сенатарам»
20- 22.12.2020, 14:06
- 29,091
Кіраўнік Крамля падпісаў скандальны закон.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб праве былых прэзідэнтаў краіны станавіцца пажыццёвымі сенатарамі. Пра гэта сведчаць звесткі на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі Расеі, паведамляе «Гордан».
Дакумент быў апублікаваны на рэсурсе сёння, 22 снежня.
Права на пажыццёвае сенатарства атрымліваюць як былыя прэзідэнты РФ, у якіх скончыўся тэрмін паўнамоцтваў, так і тыя, хто датэрмінова пакінуў гэты пост, падаўшы ў адстаўку. Пры гэтым экс-прэзідэнт можа адмовіцца ад пажыццёвага сенатарства.
Пра намеры стаць пажыццёвым сенатарам былы кіраўнік дзяржавы павінен паведаміць у пісьмовай форме. Адзначаецца, што права на пажыццёвае месца ў Савеце Федэрацыі РФ можа быць рэалізаванае толькі адзін раз.
Пуцін займае пасаду прэзідэнта з 2000 года з перапынкам у 2008–2012 гадах, калі ён быў кіраўніком урада.
20 студзеня 2020 года Пуцін унёс праект закона аб папраўках да Канстытуцыі РФ на разгляд Дзярждумы. Ён быў аднагалосна прыняты ў першым чытанні 23 студзеня і канчаткова зацверджаны 14 сакавіка.
Дзярждума РФ, сярод іншага, падтрымала папраўку пра абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў Пуціна, што дазволіць яму застацца ва ўладзе пасля 2024 года, калі заканчваецца ягоны чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін. Такім чынам, ён зможа займаць пасаду прэзідэнта да 2036 года, калі яму споўніцца 84 гады.
31 кастрычніка Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект, які дазволіць яму стаць пажыццёвым сенатарам. Парламент прыняў яго 9 снежня.
Савет Федэрацыі – верхняя палата парламента Расейскай Федэрацыі. Агульная колькасць ягоных чальцоў – 187, з якіх 170 прадстаўляюць суб'екты Расеі (два прадстаўнікі ад кожнага з 85 суб'ектаў), 17 – сенатары, якія прызначаюцца прэзідэнтам. Пасля ўвядзення паправак у Канстытуцыю РФ прэзідэнцкая квота павялічаная да 30 чалавек.